2013-11-29 12:43:18

Святы Айцец: сённяшні свет хоча ператварыць хрысціян з народу ў масу без мыслення і свабоды


RealAudioMP3 Каб зразумець знакі часу, неабходна думаць не толькі галавой, але і сэрцам і духам, лічыць папа Францішак. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты 29 лістапада 2013 г. Пантыфік засяродзіўся на евангельскім фрагменце, у якім Езус вучыць сваіх вучняў разумець “знакі часу”. Пан не абураўся іх неразуменню, але часам называў “неразумнымі і маруднымі сэрцам”. Менавіта такімі з’яўляюцца тыя, хто не разумее Божых справаў, лічыць Папа. На яго думку, Езус хоча, каб мы разумелі што адбываецца ў нашым жыцці, сэрцы, свеце, гісторыі. “Аднак, гэты свет робіць іншыя прапановы, таму што не жадае, каб мы былі народам: ён хоча масы, без мыслення, без свабоды”, - сказаў Францішак.

Паводле Святога Айца, гэты свет імкнецца да уніфікацыі і павярхоўнасці мыслення. Ён не хоча, каб людзі задавалі пытанні накшталт: “Чаму здараецца тое ці іншае?”. Францішак падкрэсліў, што Езус, аднак, заклікае вучняў думаць свабодна, “думаць, каб разумець, што адбываецца”. Гэтага, праўда, не магчыма рабіць без дапамогі Святога Духа, Які дае дар разумення знакаў часу.

Папа заклікаў прасіць аб ласцы мыслення паводле Бога, а не слабога, уніфікаванага мыслення паводле ўласнага густу.







All the contents on this site are copyrighted ©.