2013-11-28 13:08:31

Святы Айцец пра “лабараторнае” братэрства


RealAudioMP3 Не баяцца сведчыць аб уласных перакананнях і рэлігійнай прыналежнасці, заклікаў папа Францішак удзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, якое праходзіць 25-28 лістапада ў Рыме на тэму “Члены розных рэлігійных традыцый у грамадстве”. Святы Айцец прыняў іх на аўдыенцыі ў Ватыкане. Ён адзначыў, што дыялог не прадугледжвае адмаўлення ад уласнай тоеснасці і кампрамісы з верай і хрысціянскай этыкай. Наадварот, сапраўдная адкрытасць магчыма толькі пры глыбокім, ясным і радасным усведамленні сваёй ідэнтычнасці і ўкаранёнасці ва ўласных перакананнях, падкрэсліў Папа. Пантыфік адзначыў, што калі адкідаем у бок самае дарагое, што маем, сустрэча з прадстаўнікамі іншых веравызнанняў становіцца несапраўднай. “У такім выпадку можна казаць пра прытворнае братэрства”, - сказаў ён.

У дыялогу з прадстаўнікамі іншых рэлігійных традыцый, паводле Святога Айца, неабходна пераадолець таксама іншы страх – перад рэлігійным вымярэннем, як такім. Многія лічаць, што мірна суіснаваць магчыма толькі хаваючы ўласную рэлігійную прыналежнасць і пазбягаючы зваротаў да трансцэндэнтнасці. Такім чынам, на думку Пантыфіка, выдаляецца вялікая частка ўнутранага жыцця кожнага чалавека, а братэрства разглядаецца ў якасці “лабараторнага” эксперыменту.

Ён заклікаў з павагай адносіцца да меркаванняў і веравызнанняў іншых, але не баяцца прадставаць перад імі такімі, якімі мы ёсць. “Будучыня за мірным суіснаваннем з павагай да адметнасцяў, а не ў сцвярджэнні адзінага мыслення, тэарытычна нейтральнага”, - сказаў Папа. Ён падкрэсліў важнасць прынцыпу рэлігійнай свабоды і выказаў перакананне ў тым, што гэта – шлях да будавання міру ў свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.