На плошчы св. Пятра пачнецца ўзвядзенне святочных ясляў
На плошчы св. Пятра,
пачынаючы з наступнага панядзелка, 2 снежня 2013 г., пачнецца ўзвядзенне святочных
ясляў да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Сёлета ансамбль персанажаў да сцэны нараджэння
Езуса ахвяравала Неапальская архідыяцэзія, паведамлі ў Губернатараце Дзяржавы Ватыкан
28 лістапада 2013 г. Неапаль традыцыйна славіцца мастацтвам узвядзення ясляў Божага
Нараджэння. Аб коштах і памеры сёлетняй кампазіцыі не паведамляецца. Устаноўкай ясляў
зоймецца дэпартамент тэхнічнай службы губернатарата. Іх адкрыццё адбудзецца напярэдадні
Божага Нараджэння.
6 снежня на плошчу св. Пятра прыбудзе таксама традыцыйная
святочная ёлка. Вышыня дрэва складзе сёлета 25 метраў, а яе радзімай з’яўляецца баварскі
Вальдмюнхен. Інаўгурацыя і першае ўключэнне ілюмінацыі на ёлцы запланавана на 13 снежня.