2013-11-27 11:17:13

Сустрэча папы Францішка і Уладзіміра Пуціна была добра прынята ў Расіі


RealAudioMP3 Першая сустрэча Уладзіміра Пуціна і папы Францішка была добра прынята ў Расіі. Прэс-сакратар расійскага лідэра Дзмітрый Пяскоў заявіў 26 лістапада 2013 г, што суразмоўцы абмеркавалі, сярод іншага, становішча Каталіцкага Касцёла ў Расіі і мірныя ініцыятывы для Сірыі. Тым не менш, не прагучала запрашэння Папы ў краіну, не абмяркоўвалася таксама пытанне сустрэчы Пантыфіка і Патрыярха. Адказны за кантакты з католікамі ў Аддзеле знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату протаіерэй Дзмітрый Сізаненка заявіў 26 лістапада “РИА Новости”, што візіт Пуціна ў Ватыкан праходзіў на фоне актывізацыі дыялогу паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Святым Пасадам, а яго сустрэча з папам Францішкам стала свайго роду “зверкай гадзіннікаў” для далейшага развіцця царкоўна-дзяржаўнага супрацоўніцтва.

Апостальскі нунцый у Маскве, арцыбіскуп Іван Юркавіч, прызнаўся, што Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква разглядаюць пытанне аб сустрэчы на вышэйшым узроўні па-рознаму. “Для нас прыярытэт такой сустрэчы з’яўляецца вельмі высокім”, - заявіў ён. Для расіян і Праваслаўнай Царквы, дадаў нунцый, гэта сустрэча стаіць на парадку дня, але з больш нізкім прыярытэтам. Пройдзе “некаторы час” да моманту спаткання, “наколькі доўгі, ніхто не ведае”, сказаў ватыканскі дыпламат і дадаў, што Святы Пасад жадае максімальна скараціць гэты тэрмін.

Патрыярх Кірыл пацвердзіў у адным з нядаўніх інтэрв’ю, што сустрэча з Папам стала б вялікім крокам і нават узгадаў яе магчымыя тэмы: абарона сям’і і хрысціянскіх меншасцяў.

У сакавіку, праз некалькі дзён пасля абрання Францішка, 71% апытаных Аналітычным цэнтрам Юрыя Лявады расіян выказалі жаданне, каб Папа наведаў Расію, 9% адхілілі гэту ідэю. Дзесяць гадоў таму, падчас пантыфікату Яна Паўла II, паводле апытання Лявада-Цэнтра 54% расіян жадалі візіту Папы ў сваю краіну, 24% былі супраць.







All the contents on this site are copyrighted ©.