2013-11-21 11:57:34

Беларусь: “Карытас” шукае напрамкі супрацоўніцтва з дзяржавай у справе дапамогі прыёмным сем’ям


RealAudioMP3 У Беларусі трэба і магчыма аб’яднаць намаганні рэлігійных арганізацый і дзяржаўных устаноў для дапамогі прыёмным сем’ям. У Мінску прайшла міжнародная канферэнцыя “Прыёмная сям’я: вопыт, праблемы і перспектывы”. Каля ста экспертаў – супрацоўнікі Дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас”, валанцёры, педагогі з Украіны, Малдовы і Аўстрыі, а таксама прадстаўнікі Міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя Беларусі – сабраліся, каб знайсці адказы на пытанні: як працаваць на карысць дзяцей, якія засталіся без сваіх родных бацькоў.

У першую чаргу трэба паглядзець на карані сіроцтва, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Шмат дзяцей з’яўляюцца сіротамі пры жывых бацьках, і сацыяльнае сіроцтва, лічыць іерарх, выклік сучаснага свету. Алкагалізм, адмаўленне ад немаўлят, разводы – усё тое, што прыводзіць да сумнага статуса “кінутае дзіця”. І калі перамагчы гэту з’яву нельга, трэба шукаць іншае выйсце і больш увагі надаваць прыёмным сем’ям – супольнасці, якая максімальна прыбліжана да роднай сям’і, перакананы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. “Напэўна гэта ўжо не свая сям’я, не біялагічнае дзіця, але гэта ўжо вялікая ахвяра тых, хто бярэ гэтых дзяцей на выхаванне. І трэба скланіць галаву перад такімі людзьмі, бо робяць яны гэта з любоўю да дзяцей і да бліжняга. Але распачынаючы такую працу, бацькі павінны разумець, што павінны не толькі апрануць і накарміць дзяця, але і даць духоўнае выхаванне, бо сям’я – гэта першая школа духоўнага жыцця”, - адзначыў іерарх.

Дапамагаць тым, хто ў гэтым мае патрэбу, галоўная функцыя Дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас”. І сёння валанцёры скіравалі свой позірк на прыёмныя сем’і: дапамагаць можна не толькі дзецям, але і бацькам, бо кожны, хто бярэ на выхаванне дзяцей, нясе вялікую матэрыяльную і маральную адказнаць. Дапамагаць можна і тым, хто яшчэ толькі рыхтуецца да таго, каб стаць прыёмнымі бацькамі. У любым выпадку, поле для дзейнасці ёсць, адзначыў кс. Віктар Гайдукевіч, дырэктар Дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас”. “Маю вялікую надзею, што вынікам дадзенай канферэнцыі стане адшуканне месца рэлігійных арганізацый, Каталіцкага Касцёла і, магчыма, Праваслаўнай Царквы, у справе станаўлення інстытута прыёмнай сям’і. Мы толькі распачынаем гэту справу, але маем ужо добрыя прыклад у Гомелі, як і ў якой форме можна працаваць і дапамагаць”, - сказаў святар.

Сапраўды, у Гомелі ўжо два гады працуе дзіцячая вёска, арганізаваная рэгіянальным аддзяленнем “Карытас”. Там выхоўваюць каля 60 дзяцей з сур’ёзнымі парушэннямі псіха-фізічнага развіцця. Галоўнае – гэта мадэль сямейнага тыпу, якую прымяняюць у выхаванні. У кожным доме ёсць так званая “мама”, ролю якой выконваюць манахіні – сёстры-бэнэдыктынкі. Дапамагаюць ім і старэйшыя, і больш самастойныя дзеці, а таксама – больш за 100 чалавек персаналу.

Пачуць гэты мір, заварушыць рукой, навучыцца сядзець ці проста адрэагаваць на гук – кожны, самы маленькі поспех падапечных – сапраўдная перамога для выхавацелей гэтай вёскі, падзялілася Алына Прыходзька, рэферэнт па валанцёрскім праектам Беларускай каталіцкай місіі “Карытас-міласэрнасць” з Гомеля. “Паступова праз масаж, праз заняткі гэтыя дзеці робяць свае першыя рухі – хтосьці пачынае паказваць, што ён хоча есці ці хтосьці можа паказаць, што ў яго нешта баліць. Да кожнага дзіцяці – індывідуальны падыход. Трэба даць ім адчуць, што яны жывуць у сям’і, побач з братамі і сёстрамі і як бы мамамі. І галоўнае – любоў, калі будзе любоў да гэтых дзяцей, усё атрымаецца, можа не так хутка, але атрымаецца”, - лічыць супрауоўніца “Карытас”.

Напрыклад, за мяжой форму выхавання сямейнага тыпу рэалізуюць рэлігійныя групы і арганізацыі, паведаміла Вальтраўд Гугербаўэр, трэнер з “Карытас-Аўстрыі”. “У кожнай краіне гэта арганізавана па-рознаму. У Аўстрыі шматлікія каталіцкія, і ўвогуле рэлігійныя арганізацыі, маюць свае групы, у якіх дзеці жывуць, як у сям’і. Такія сем’і патрабуюць падтрымкі – пры падрыхтоўцы і асабліва ў першы час, калі туды прыходзяць жыць дзеці”, - падзялілася эксперт.

Вопыт гомельскай дзіцячай вёскі павінен распаўсюджвацца па ўсёй краіне, лічаць прадстаўнікі “Карытас”. Поспехі, якія ім удалося дасягнуць за кароткі час, кажуць самі за сябе. І магчымасці для гэтага ёсць у Беларусі – дазваляе заканадаўчая база. Дзіцячыя вёскі або гарадкі сямейнага тыпу ў краіне могуць быць як дзяржаўнымі (зараз іх большасць), так і прыватнымі, у тым ліку арганізаванымі дабрачыннымі таварыствамі. Але праца дзяржаўных органаў і рэлігійных арганізацый можа пачынацца на больш раннім этапе, сказала Вольга Дзмітрыева, намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Беларусі. “Выдатна, что арганізавана гэта канферэнцыя. Каталіческая конфесія – гэта вялікая аўдыторыя вернікаў. І прадстаўнікі Касцёла могуць стаць гэтым сацыяльным рупарам – сказаць грамадству, што ёсць такая праблема, што ёсць дзеці, якія патрабуюць дапамогі, магчыма, кагосьці ўтрымаць ад кроку на прыступак недабрабыту”, - адзначыла яна.

Кожны год у Беларусі ўсынаўляюць каля 600 дзяцей, усяго ўсыноўлена каля 8 тыс., яшчэ каля 10 тыс. знаходзяцца пад апекай і 7 тыс. выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях. Сапраўды, тэма, якую закранулі на сустрэчы, актуальная – ужо некалькі гадоў Беларусь рэалізуе магчымасці для таго, каб у краіне засталося як мага менш дзізячых дамоў і інтэрнатаў – такая задача была пастаўлена на 2015 год. У гэтым выпадку менавіта прыёмная сям’я – у розных варыянтах – стане асноўнай формай выхавання дзіцей-сірот і сацыяльных сірот. І тут будуць патрэбны сумесныя намаганні, каб гэтыя сем’і былі хоць і аднолькава, але шчаслівыя, але ні ў якім разе не няшчасныя па-рознаму.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.