Паўстане Міжнародны камітэт каталіцкіх устаноў аховы здароўя
Каталіцкі Касцёл жадае
каардынаваць свае намаганні па медыцынскай апецы і дапамозе хворым людзям па ўсім
свеце. Аб гэтым 23 лістапада 2013 г. у Рыме будзе размаўляць кіраўнічая рада новага
Міжнароднага камітэта каталіцкіх устаноў аховы здароўя. Гаворка пойдзе таксама аб
спосабах павышэння эфектыўнасці супрацоўніцтва паміж арганізацыямі-удзельнікамі асацыяцыі,
заявіў сакратар Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя кс. Жан-Мары
Мупэндавату.
Кіраўнікі жадаюць “глабальнай салідарнасці” паміж каталіцкімі
ўстановамі і забеспячэння супрацоўнікаў і валанцёраў тэхнічнай і маральнай падтрымкай,
асабліва ў слабаразвітых рэгіёнах. На сустрэчы таксама будзе абяркоўвацца пытанне
ўзмацнення душпастырскай падтрымкі пацыентаў.
Да канца лютага 2014 г. бакі
павінны прадставіць у Дзяржаўны сакратарыят праект статута камітэта, які стане вынікам
папярэдніх абмеркаванняў. Кс. Мупэндавату паведаміў аб гэтым падчас прэзентацыі штогадовай
міжнароднай канферэнцыі Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, у
якой 21-23 лістапада прымуць удзел каля 700 экспертаў з усяго свету. Сёлета тэмай
форуму стане барацьба з нейрадэгенератыўнымі захворваннямі ў пажылым узросце і душпастырская
апека такіх пацыентаў.