2013-11-19 10:55:29

Кардынал Кокапальмерыё ў Беларусі: краіна – прыклад экуменічнага дыялогу


RealAudioMP3 Беларусь – гэта краіна, дзе хрысціянскія канфесіі мірна жывуць і супрацоўнічаюць, заявіў кардынал Кокапальмерыё ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Іерарх прымае ўдзел у Міжнароднай міжканфесійнай канферэнцыі “Хрысціянская антрапалогія перад выклікам сучаснасці”, якая праходзіць у Мінску з 17 па 19 лістапада. Старшыня Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў лічыць, што Беларусь можа стаць прыкладам экуменічнага дылогу для іншых. “Я першы раз у Мінску, але я шмат чуў пра Беларусь і асабліва пра магчымасць розных канфесій мірна суіснаваць тут. Гэта прыклад. Я спадзяюся і буду маліцца аб тым, каб дзве канфесіі і далей жылі ў любові”, - сказаў прадстаўнік Святога Пасаду.

Ватыканскі іерарх 18 лістапада ўвечары прысутнічаў на канцэрце ў Белдзяржфілармоніі, які быў прысвечаны памяці ахвяр Першай сусветнай вайны. Культурная акцыя стала яшчэ адным крокам хрысціянскіх канфесій насустрач адзін аднаму – у канцерце прагучалі творы Рахманінава і Моцарта (праваслаўнага і каталіцкага кампазітараў), а таксама выступіў зводны хор, які складаўся з хораў праваслаўнай і каталіцкай парафій. Беларусь становіцца пляцоўкай для прэстыжнага форуму ўжо 8 раз і не выпадкова.

Шырокае прадстаўніцства Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла, а таксама пратэстанцкіх, мусульманскіх, юдэйскіх лідэраў на пленарных пасяджэннях і круглых сталах – кажуць самі за сябе. Секулярызацыя, прыхільнасць толькі матэрыяльным каштоўнасцям, гендэрныя пытанні, праблемы біяэтыкі, свецкі радыкалізм у выхаванні сям’і – перад рознымі канфесіямі і рэлігіямі сёння стаяць аднолькавыя пытанні, якія можна і трэба вырашаць разам. Зверыць кірунак, пацвердзіць свае намаганіі і накіраваць імпульс грамадству – задача ўдзельнікаў форуму, аналагаў якога амаль што няма. І галоўнае – гэта рэха такіх сустрэч, якія заўсёды выклікаюць вялікі рэзананс у тэалагічных і навуковых колах, падкрэсліў першы віцэ-старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Хрысціянскі адукацыйны цэнтр св. Мятода і св. Кірыла” Грыгорый Даўгяла.

“Мы бачым цікавасць і рэлігійных, і акадэмічных колаў у Расіі, Украіне, а таксама ў дальнім замежжы. Гэта нас мабілізуе думаць аб чарговым мерапрыемстве. Не хаваю, ёсць ідэя на 2015 год – чакаецца вельмі цікавая дата, звязаная з узаемаадносінамі Царквы і грамадства, Царквы і дзяржавы ў сферы адукацыі. Набліжаецца магутны юбілей – Еўрапейскіх універсітэтаў. Не выключана, што наступная тэма будзе прысвечана хрысціянскай спадчыне, як дару еўрапейскай цывілізацыі ў галіне адукацыі”, - падзяліўся арганізатар форумаў.

Сёння апошні дзень VIII Міжнароднай міжканфесійнай канферэнцыі, арганізатары якой спадзяюцца, што традыцыя такіх форумаў будзе працягнута – бо актуальнасць міжканфесійнага дыялога ў сучасным свеце толькі ўзрастае.

Ларыса Абрамчук, Мінск







All the contents on this site are copyrighted ©.