2013-11-19 10:36:05

8,5 млн. католікаў з усяго свету наведалі Рым з нагоды Года веры


RealAudioMP3 За апошнія 13 месяцаў больш чым 8,5 млн. католікаў з усяго свету здзейснілі пілігрымку ў Рым з нагоды Года веры, паведаміў 18 лістапада 2013 г. у Ватыкане арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі. Адмысловы Год, накіраваны на паглыбленне і пераказ веры, распачаў у Касцёле 11 кастрычніка 2012 г. Бэнэдыкт XVI, а завершыць 24 лістапада 2013 г. – ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету – папа Францішак.

Тэматыка Года веры павінна была паспрыяць росту веры, хрысціянскага і касцёльнага жыцця, асаблівым чынам ў некалі каталіцкіх, а зараз секулярызаваных, краінах Заходняй Еўропы. Год веры быў задуманы, як магчымасць для сапраўднага і новага навяртання да Хрыста і місіянерскай актыўнасці для новай евангелізацыі.

Арцыбіскуп Фізікела звярнуў увагу, што іншым важным фактарам была дата, абраная Бэнэдыктам XVI для распачацця Года веры. 11 кастрычніка 2012 г. адзначалася 50-годдзе адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабору і 20-годдзе публікацыі Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.

Падагульняючы гэты адмысловы час, старшыня Папскай рады нагадаў, што ў рамках Года веры ў Ватыкан былі запрошаны шматлікія групы: семінарысты, моладзь, касцёльныя рухі і аб’яднанні, сем’і. Прайшлі літургіі, пілігрымкі, канферэнцыі, канцэрты і выставы.

Пасля Года св. Паўла і Года святарства, Год веры быў трэцяй ініцыятывай пантыфікату Бэнэдыкта XVI. Упершыню Года веры быў праведзены па ініцыятыве Паўла VI у 1967 г. і быў прымеркаваны да адзначэння 1900-годдзя мучаніцкай смерці святых апосталаў Пятра і Паўла.







All the contents on this site are copyrighted ©.