2013-11-18 14:41:21

Святы Айцец: не паддавацца духу гэтага свету, які ставіць пад сумніў усё


RealAudioMP3 Няхай Пан нас бароніць ад духа гэтага свету, які ставіць пад сумніў не толькі каштоўнасці, але і веру, сказаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты 18 лістапада 2013 г. Пантыфік заклікаў вернікаў быць пільнымі перад абліччам небяспечнай уніфікацыі. Спасылаючыся на ўрывак з Першай кнігі Макабэяў, Святы Айцец падкрэсліў, што ізраільцяне аддаляліся ад Пана і былі гатовыя пакінуць уласныя традыцыі ў імя так званай прагрэсіўнасці, якая дыктавала жыць так, як усе навокал. Менавіта так у іх жыццё ўвайшлі язычніцкія звычкі, яны пачалі пакланяцца ідалам, як іншыя народы. Тут, паводле Пантыфіка, гаворка ідзе не проста пра аб’яднанне нацый, але пра “глабалізацыю падаўляючай усё ўніфікацыі” – адмаўленне ад уласных звычаяў і стварэнне адзінага для ўсіх спосабу мыслення. Сёння многія думаюць, што павінны быць як усе, быць “больш нармальнымі”, звярнуў увагу Папа. Але, як паказвае гісторыя, вынікам гэтага з’яўляюцца асуджэнні на смерць і чалавечыя ахвяры. “Вы думаеце, што сёння не прыносяцца чалавечыя ахвяры? Прыносяцца, і шмат! Існуюць нават законы, якія іх абараняюць”, - сказаў Святы Айцец. Ён заклікаў ніколі не ісці па гэтым шляху і заўсёды абіраць вернасць Богу.








All the contents on this site are copyrighted ©.