2013-11-18 10:07:27

Беларусь: Цэрквы разам шукаюць адказы на выклікі сучаснасці


RealAudioMP3 17 лістапада ў Мінску адкрылася Міжнародная міжканфесійная канферэнцыя “Хрысціянская антрапалогія перад выклікам сучаснасці”. Форум, ужо 8-ы па ліку ў серыі міжканфесійных сустрэч, арганізаваны Хрысціянскім адукацыйным цэнтрам імя св. Мятода і св. Кірыла і Інстытутам межрэлігійнага дыялога і міжканфесійнай камунікацыі пры падтрымцы Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Дзесяткі тэолагаў з ЗША, Бельгіі, Францыі, Германіі, Турцыі, Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі сабраліся ў беларускай сталіцы, каб вызначыць кола пытанняў, на якія прадстаўнікі розных канфесій і рэлігій (сярод удзельнікаў таксама мусульмане і яўрэі) павінны даць адказ разам.

У сучасным свеце падпадаюць пад рэвізію традыцыйныя каштоўнасці, ідзе іх падмена на дыскусію пра правы чалавека рэалізацыю сваіх магчымасцяў. Калі спробы перагледзець хрысціянскія каштоўнасці ўсё ж дасягнуць поспеху, лічыць арцыбіскуп Бакінскі і Азербайджанскі Аляксандр, чалавецтва асуджана на тупіковы шлях развіцця. “Гэта выклік для ўсіх рэлігій: для хрысціян, для мусульман, для будыстаў, для юдэяў. Свяцейшы Патрыярх Кірыл на пытанне, што можна зрабіць у гэтай сітуацыі, адказаў і заклікаў, каб рэлігіі пераходзілі ад талерантнасці да канструктыўнага межрэлігійнага дыялога і супрацоўніцтва. Традыцыйныя рэлігіі разам могуць вырашаць праблемы выхавання моладзі, барацьбы з наркаманіяй, умацавання сямейных каштоўнасцяў і барацьбы за мір супраць узбраення. Усё гэта сумесная справа”, - адзначыў іерарх.

Прывітальныя словы да ўдзельнікаў канферэнцыі скіравалі кіраўнікі Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла краіны – Мітрапаліт Філарэт, Партрыаршы экзарх усея Беларусі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандресевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, а таксама вядомы мусульманскі багаслоў – кіраўнік мусульман Каўказа шэйх-уль-іслам Алахшукюр Паша-задэ. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, Апостальскі нунцый у Беларусі перадаў прывітанне ўдзельнікам ад Святога Айца Францішка, падкрэсліўшы, што гэты форум дапамагае не толькі разумець адзін аднаго, але і ўзрастаць ў імкненні да аднаўлення адзінства, якое прадстаўнікі розных канфесій спрабуюць рэалізаваць у паўсядзённым жыцці. “Дыялогу ніколі няма альтэрнатывы ні ў жыцці грамадскім, ні ў жыцці рэлігійным, там, дзе цэнтрам з’яўляецца любоў. Той, хто не вядзе дыялогу ў сферы палітыкі – робіць памылку, той, хто не вядзе дыялогу ў рэлігіі – чыніць грэх”, - сказаў ватыканскі дыпламат.

Падчас першага дня форума былі прадстаўлены практычныя вынікі міжканфесійнай працы – праваслаўна-каталіцкі слоўнік “Багаслоўская антрапалогія”. 8 гадоў паралельна, незалежна і з двух пунктаў гледжання – заходняга і ўсходняга – над яго артыкуламі працавалі праваслаўныя і каталіцкія рэдактары. Гэта першы ў сваім родзе слоўнік параўнальнай антрапалогіі, першая сумесная праца па гэтай тэме паміж Цэрквамі не фармальнага, а змястоўнага характару, адзначыў пратаіерэй Андрэй Лоргус, рэктар Інстытута хрысціянскай псіхалогіі з Масквы, рэдактар слоўніка. “Гэта першы аналіз, калі па антрапалогіі мы параўноўваем крок за крокам, пытанне за пытаннем, артыкул за артыкулам вучэнне Рыма-каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы. Перад тым, як параўноўваць, мы павінны ведаць меркаванні адзін аднако, а потым размаўляць і нават спрачацца. Мы пабудавалі падмурак, а цяпер можна будаваць дом”, - лічыць навуковец.

Сёння ўвечары да канферэнцыі далучыцца яшчэ адзін высокі госць – кардынал Франчэска Кокапальмерыё, старшыня Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, прадстаўнік Святога Пасаду.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.