Папа пра крэатыўнасць, самакрытыку і адукаванасць у евангелізацыі
Евангелізацыя павінна
здзяйсняцца з вялікай цярпівасцю, “з клопатам пра зерне” і без абурэння з прычыны
існуючага побач пустазелля, перакананы папа Францішак. 16 лістапада 2013 г. ён скіраваў
відэа-пасланне да ўдзельнікаў пілігрымкі-сустрэчы на тэму новай евангелізацыі ў мексіканскім
санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай. Папа нагадаў, што Касцёл не павінен закрывацца
ў сабе і задавальняцца тым, што ўжо было дасягнута. На яго думку, абвяшчаць евангельскае
пасланне трэба спакойна і паступова, але не адмаўляючыся ад крэатыўнасці. Францішак
падкрэсліў важную ролю біскупаў, якія не павінны быць проста функцыянерамі, што сочаць
за дысцыплінай, захаваннем правілаў і арганізацыйных механізмаў. Акрамя таго, Пантыфік
падкрэсліў небяспеку клерыкалізму, які, на яго думку, перашкаджае сталенню і прыняццю
хрысціянскай адказнасці з боку вялікай колькасці свецкіх вернікаў. Папа заклікаў памятаць
аб патрэбе самакрытыкі, аналізу ўласнай дзейнасці і пастаяннага павышэння ўзроўню
адукаванасці.