2013-11-17 13:03:00

Папа перад “Анёл Панскі”: не ідзіце за фальшывымі месіямі (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Не дазволіць фальшывым прарокам звесці сабе, а страху паралізаваць, заклікаў папа Францішак падчас нядзельнай малітвы “Анёл Панскі” 17 лістапада 2013 г. на плошчы св. Пятра. Францішак нагадаў заклік Хрыста быць вернымі Евангеллю перад абліччам выпрабаванняў, якія павінны будуць перажыць Яго вучні, памятаючы, што цярпеннем уратуюць жыццё сваё. “Дарагія браты і сёстры, – прывітаў вернікаў Папа – Евангелле гэтай нядзелі скаладаецца галоўным чынам з прамовы Езуса аб апошніх часах. Езус казаў пра іх у Ерусаліме, каля святыні; а падштурхнуў Яго сам народ, які размаўляў пра святыню і яе прыгажосць, таму што яна была прыгожай. Тады Езус сказаў: “Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камяні” (Лк 21,6). Канешне, яны спыталіся: калі станецца гэта?, што будзе знакам? Але Езус перанёс увагу з гэтых другасных аспектаў – калі станецца і як? – на сапраўдныя пытанні. Іх два. Першае: не дазволіць звесці сабе фальшывым месіям, а страху паралізаваць. Другое: пражыць час чакання, як час сведчання і настойлівасці. І мы знаходзімся ў гэтым часе чакання: чакання прыходу Пана.

Гэта прамова Езуса заўсёды актуальная, таксама і для нас, якія жывём у ХХІ ст. Ён нам паўтарае: “Глядзіце, каб вас не звялі, бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім” (Лк 21,8). Гэта заклік да праніклівасці. Праніклівасць – гэта хрысціянская цнота, якая дазваляе бачыць дзе дух Пана, а дзе злы дух. Таксама і сёння, сапраўды, ёсць фальшывыя “збаўцы”, якія спрабуюць замяніць Езуса: лідэры гэтага свету, гуру, асобы, якія жадаюць прыцягваць да сябе розумы і сэрцы, асабліва моладзі. Езус нас папярэджвае: “Не ідзіце за імі”. Не ідзіце за імі!

Пан нам дапамагае не баяцца: перад абліччам войнаў, рэвалюцый, але таксама прыродных каталкізмаў, эпідэмій, Езус вызваляе нас ад фаталізма і фальшывых апакаліптычных візій.

Другі аспект тычыцца нас менавіта як хрысціян і як Касцёла: Езус прадказвае балючыя выпрабаванні і пераслед, які Яго вучняў павінны будуць перанесці за Яго. Аднак ён запэўнівае: “І волас з вашай галавы не прападзе”. Нагадвае, што мы цалкам знаходзімся ў руках Бога! Варожасць, якую сустракаем з прычыны нашай веры і адданасці Евангеллю з’яўляецца нагодай для сведчання; мы не павінны аддаляцца ад Пана, але імкнуцца яшчэ больш Яму аддавацца, давяраць сіле Яго Духа і ласкі.

У гэты момант я думаю, і падумаем разам, пра шматлікіх братоў і сясцёр хрысціян, якія пакутуюць ад пераследу за веру. Іх шмат. Магчыма нашмат больш чым у першыя стагоддзі. Езус з імі. Таксама і мы будзем паяднанымі з імі праз нашу малітву і любоў. Будзем захапляцца іх адвагай і сведчаннем. Гэта нашы браты і сёстры, якія ў многіх краінах свету пакутуюць з прычыны таго, што з’яўляюцца вернымі Езусу Хрысту. Прывітаем іх ад сэрца і з любоўю.

Напрыканцы, Езус робіць абяцанне, якое з’яўляецца гарантыяй перамогі: “Цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае” (Лк 21,19). Колькі надзеі ў гэтых словах! Гэта заклік да надзеі і цярплівасці, здольнасці чакаць надзейных плёнаў збаўлення, давяраючы глыбокаму сэнсу жыцця і гісторыі: выпрабаванні і цяжкасці з’яўляюцца часткай яшчэ большай задумы; Пан, гаспадар гісторыі, вядзе ўсё да свайго спаўнення. Нягледзячы на беспарадкі і бедствы, якія турбуюць свет, план дабрыні і міласэрнасці Божай спаўняецца! Гэта наша надзея: ісці так, гэтым шляхам, у задуме Божай якая спаўняецца. Гэта наша надзея.

Гэта пасланне Езуса дае нам нагоду, каб паразважаць аб нашым цяперашнім і дае сілу адказваць на яго з адвагай і надзеяй, у кампаніі Маці Божай, якая заўсёды крочыць з намі”.

Пасля марыйнай малітвы, Папа прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра сем’і, асацыяцыі і групы, якія прыбылі з розных куткоў свету. Пантыфік нагадаў, што 17 лістапада адзначаецца Дзень памяці пра ахвяраў дарожна-транспартных здарэнняў. Святы Айцец запэўніў у сваёй малітве і заклікаў працягваць намаганні па іх прадухіленні, таму што “уважлівасць і павага да правілаў, з’яўляюцца першай формай клопату пра сябе і іншых”.








All the contents on this site are copyrighted ©.