Кардынал Таран: хрысціянска-ісламскі дыялог – гэта не “вуліца з аднабаковым рухам”
Прадстаўнік Святога
Пасаду прыме ўдзел у вялікай канферэнцыі, прысвечанай міжрэлігійнаму дыялогу. Яна
распачнецца 18 лістапада 2013 г. у Вене і збярэ прадстаўнікоў больш чым 90 краін свету.
Арганізатарам форуму, які пройдзе на тэму “Аблічча іншых”, выступіў Міжнародны цэнтр
па міжрэлігійным і міжкультурным дыялогу імя караля Абдалы. Кардынал Жан-Луі Таран
лічыць, што трэба “выкарыстоўваць” гэты канал для будавання мастоў паміж хрысціянамі
і мусульманамі. Гаворачы пра працу самаго Цэнтра, які месціцца ў аўстыйскай сталіцы,
старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё сказаў:
“Я чалавек рэалістычны. Дзіця пачынае станавіцца на ногі, таму трэба яго падтрымліваць”.
Мэта
канферэнцыі ў Вене – знайсці шляхі навучыць маладое пакаленне мець “аб’ектыўны, сумленны
і правільны” погляд на прадстаўнікоў іншых рэлігій і нацыянальнасцяў. У форуме прымуць
удзел міністры адукацыі шэрагу краін.
Некаторыя крытыкі называюць хрысціянска-ісламскі
дыялог “вуліцай з аднабаковым рухам”, паколькі, на іх думку, толькі хрысціяне ідуць
у напрамку паразумення, звярнуў увагу кардынал Таран. Ён прызнаў, што, сапраўды, у
большай ступені ініцыятыва дылогу зыходзіць ад хрысціян. Але, у той жа час, іерарх
нагадаў пра ліст ісламскіх вучоных да Бэнэдыкта XVI пасля яго “Рэгенсбургскай прамовы”.
“Упершыню ініцыятыва зыходзіла ад мусульманаў. І гэта трэба прызнаць”, - адзначыў
іерарх. Ён лічыць, што вынікам такіх ініцыятыў павінна быць стварэнне хрысціянска-мусульманскага
форуму.