2013-11-16 12:03:22

Журналістка пра беражлівасць Папы: у Ватыкане ён гасіць святло, уключанае без патрэбы


RealAudioMP3 Шэраг цікавых фактаў з жыцця кардынала Хорхэ Берголіа адкрыліся дзякуючы аргентынскай журналістцы Элізабэце Піке. Некалькі дзён таму выйшла яе кніга “Францішак. Жыццё і рэвалюцыя”. У ёй, абапіраючыся на шматлікія сведчанні, дакументальныя крыніцы і ўласны досвед знаёмства з Папам, яна прадставіла дагэтуль невядомыя падрабязнасці апошняга канклаву і жыцця чалавека, якому было даверана кіраваць Касцёлам. Журналістка знаёмая з Пантыфікам з 2001 г. Іх першая сустрэча адбылася ў рамках інтэрв’ю для часопіса “La Nación”, у якім яна працуе дагэтуль. Адказваючы на пытанні, тагачасны арцыбіскуп Буэнас-Айрэса гаварыў разважліва і проста, ужываў шмат выразаў, якія можна было выкарыстаць у якасць загалоўка да інтэрв’ю. Гаворачы пра неабходнасць пераменаў у Касцёле, кардынал Берголіа выказаў рашучае “не” перспектыве абвяшчэння новага Сабора. Паводле яго, ІІ Ватыканскі Сабор быў настолькі багаты зместам і ідэямі, што да сённяшняга дня Касцёл не здолеў іх выкарыстаць і рэалізаваць цалкам.

На пытанне, кім лічыць сябе кардынал Берголіа, “кансерватарам” ці “прагрэсістам”, ён адзначыў, што не любіць клішэ, таму што яны заўсёды няпоўныя і абмежаваныя. “Я прабую быць не кансерватарам, а верным Касцёлу і адкрытым на дыялог”, - адказаў ён.

Элізабэта Піке апавядае пра ўжо стаўшую легендарнай прастату Пантыфіка. Паводле журналісткі, калі на выходныя дні ён заставаўся сам у біскупскай рэзідэнцыі ў Буэнас-Айрэсе, то нават зімой выключаў цэнтральнае атапленне і карыстаўся простым абагравальнікам, каб эканоміць. А “у Ватыкане ён гасіць святло, уключанае без патрэбы”, - падзялілася журналістка.

Паводле яе, навіна пра неабходнасць пакінуць Буэнас-Айрэс у сувязі з перыядам “sede vacante”, не выклікала вялікага энтузіязму ў будучага Папы. У размове са сваім блізкім супрацоўнікам кс. Алехандра Руса ён выказаў заклапочанасць тым, што давядзецца перанесці ўжо даўно запланаваныя мерапрыемствы. “Ці нават увогуле адмяніць?”, – дадаў з іроніяй святар. “Ты што думаеш, новы Папа мяне выкіне на наступны дзень?”, - спытаў арцыбіскуп Берголіа. На што пачуў: “Я не гэта меў на ўвазе, я думаў, што новым Папам можаце стаць Вы”. Францішак скептычна паставіўся да гэтай гіпотэзы, адзначыўшы што мае сталы ўзрост і нават ужо падаў просьбу аб адстаўцы пасля дасягнення 75-гадовага ўзросту. А словы святара спраўдзіліся.








All the contents on this site are copyrighted ©.