2013-11-16 10:18:54

Беларусь: фестываль “Магніфікат” быў, ёсць і будзе


RealAudioMP3 Міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Магніфікат”, які павінен быў прайсці ў верасні 2013 г., але быў перанесены на нявызначаны тэрмін, усё ж адбудзецца – 4-5 студзеня 2014 г. Хоць і з невялікім спазненнем, але фінансавае пытанне, з-за якога правядзенне сёлетняга фестывалю адкладалася, нарэшце было вырашана – можна сказаць, цудоўным чынам. Радасная навіна аб тым, што знайшоўся новы спонсар, прыйшла да арганізатараў у канцы кастрычніка, паведаміў старшыня кінафоруму, рэжысёр Юрый Гарулёў. “Я атрымаў шмат лістоў з патрымкай, у якіх гаварылася, што ўсе засмучаны, што фестываль не адбудзецца, і будуць маліцца, каб штосьці вырашылася. І гэта адбылося! Мы пасядзелі, паразмаўлялі адзін з адным у аргкамітэце і падумалі: няхай гэта не такія вялікія грошы, няхай наш фестываль не будзе такім маштабным, як мінулыя, але мы не страцім год. Таму было прынята такое рашэнне, каб фестываль адбыўся 4-5 снежня, першага месяца наступнага года – паміж святамі Божага Нараджэння па каталіцкім і праваслаўным календары”, - прызнаўся арганізатар форуму.

Сапраўды, крыўдна было дапусціць, каб перапынілася традыцыя. Фестываль “Магніфікат” быў заснаваны ў 2005 г. каталіцкай ассацыяцыяй “Signis-Беларусь” і Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. За гэты час кінафорум спадабаўся гледачам і ўдзельнікам – кожны год ў Мінску і Глыбокім збіраліся дзесяткі рэжысёраў, сцэнарыстаў, прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій.

Праграма каляднага форуму з-за ўсіх гэтых абставін некалькі зменіцца. Фестываль будзе прахадзіць толькі два дні і толькі ў Мінску. Некалькі скароціцца і спіс прадстаўленых фільмаў, адзначыў Юрый Гарулёў. “Мы падзялілі фільмы – адна частка будзе ўдельнічаць зараз, другая частка аўтаматычна пяройдзе на наступны фестываль. Усяго будзе прадстаўлена 16 стужак з 10 краін”, - сказаў ён.

Ёсць аўтары, якія традыцыйна ўдзельнічаюць у кінафоруме, але на гэты раз менавіта на “Магніфікаце” дэбютуюць рэжысёры з Расіі і Балгарыі. Усе фільмы розныя – па характару і настрою, але аб’ядноўвае іх хрысціянская тэма: пошук сэнсу жыцця, любоў да Бога, служэнне людзям. “Гэта добрыя фільмы. Яны розныя: стужкі-партрэты, творы аб сітуацыі ў Касцёле і яго гісторыі, аб моладзі, аб пажылых людзях. Гэта розныя творы, але мы адбіралі, каб гэта былі сапраўды добрыя фільмы”, - адзначыў рэжысёр.

Мода на нейкія асаблівыя тэмы, новыя плыні, стаўка на забаўляльнасць ці камерцыйнасць – гэта тое, што ні ў якім разе не ўласціва хрысціянскаму кіно. У гэтым сэнсе існаванне фестывалю, дзе можна бачыць менавіта такія фільмы, вельмі важна. Традыцыйнасць, цеплыня, пачуццё сапраўднага свята – вось адметныя рысы кожнага “Магніфікату”, узровень якога з гадамі расце. Толькі той факт, што фільмы-лаўрэаты каталіцкага фестывалю бяруць прызы на мінскім “Лістападзе” і іншых кінафорумах гаворыць сам за сябе, падкрэсліў Юрый Гарулёў. “Узровень фестывалю вельмі высокі, апошнія гады ён не зніжаецца, а трымае планку. Гэта вельмі важна – бачыць такія фільмы, бо не можа чалавек жыць без духоўнасці ў сённяшні час”, - лічыць арганізатар кінафоруму.

Прыхільнікі 9-га па ліку Міжнароднага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Магніфікат” – ужо чакаюць добрых стужах, новых эмоцый і сустрэч з вядомымі кінематаграфістамі. Яны ўжо знаходзяцца ў прадчуванні запаветнага гуку “кіношнай” хлапушкі, якім па традыцыі адкрываецца кожны “Магніфікат”.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.