2013-11-14 14:21:37

Кардынал Маркс: быць “больш Еўропай”


RealAudioMP3 Міграцыя і інтэграцыя стаяць у цэнтры ўвагі пасяджэння Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (ComECE), якая праходзіць у гэтыя дні ў Бруселі. У кантэксце трагедыі на Лампедузе, пытанне міграцыі і прадастаўлення прытулку стала востра перад усім еўрапейскім грамадсвам, а асаблівым чынам, перад мясцовымі Касцёламі, сказаў старшыня Камісіі, кардынал Рэйнхард Маркс на адкрыцці пасяджання 13 лістапада 2013 г. увечары. Беднасць, сацыяльная інтэграцыя, міграцыя і беспрацоўе сярод моладзі з’яўляюцца ключавымі пытаннямі для Еўрапейскага Саюзу. У гэтым кантэксце не варта адмаўляцца ад праекту пад назвай “Еўрапейская Супольнасць”, лічыць іерарх. Замест гэтага павінна быць пастаўлена мэта быць “больш Еўропай”, каб “гарантаваць лепшую Еўропу”.

Падчас асамблеі, якая будзе доўжыцца да пятніцы, біскупы жадаюць абмеркаваць фінансавы крызіс у Еўрапейскім Саюзе. Праблема ў тым, што да цяперашняга часу ніхто не знайшоў сапраўднага выхаду з яго, адзначыў кардынал Маркс. Наадварот, у галіне этычных пытанняў паступаюць як правіла мала творчыя прапановы. “Мы павінны падумаць аб тым, што, магчыма, менавіта ў гэту галіну мы можам штосьці прыўнесці”, - падкрэсліў нямецкі іерарх.

Акрамя таго, біскупы хочуць абмеркаваць ўзмацненне антыінтэграцыйных тэндэнцый ў ЕС. Нацыяналізм і ксенафобія турбуюць не адну краіну-члена Еўрапейскага Саюза, сказаў кардынал. Касцёл знаходзіцца ў добрай пазіцыі, “каб развеяць такога роду эмоцыі і нагадаць людзям пра фундаментальныя хрысціянскія каштоўнасці еўрапейскага праекту і еўрапейскага грамадства”, - лічыць старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.