2013-11-13 11:54:56

Хрост – пасведчанне аб нараджэнні для Касцёла


RealAudioMP3 Хрост, гэта “брама” веры і хрысціянскага жыцця. Ён з’яўляецца свайго роду пашпартам або пасведчаннем аб нараджэнні хрысціяніна для Касцёла, якое нельга дазволіць скрасці, адзначыў 13 лістапада 2013 г. папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі. У сваёй катэхезе ён патлумачыў значэнне выразу “вызнаю адзіны хрост для адпушчэння грахоў”, які прамаўляецца падчас св. Імшы ў “Сімвале веры”. Хрост – гэта адзіны сакрамэнт, які ўзгадваецца ў ім, што ўказазвае на яго асаблівую важнасць, звярнуў увагу Папа. Паводле яго, хрост для чалавека – гэта дзень нараджэння для Касцёла, таму сумна, што не многія памятаюць яго дату. Францішак заклікаў, у якасці “хатняга задання” даведацца або ўзгадаць яе і заўсёды з удзячнасцю перад Панам памятаць, таму што гэта “другі дзень нараджэння”. Паводле Святога Айца, хрост блізка звязаны з нашай верай у адпушчэнне грахоў. “Сакрамэнт пакаяння або споведзі з’яўляецца “другім хростам”, які заўсёды кіруе да першага, каб умацоўваць і аднаўляць яго. У гэтым сэнсе дзень нашага хросту – гэта адпраўны пункт на цудоўным шляху, шляху да Бога, які працягваецца ўсё жыццё, шляху навяртання, які пастаянна падтрымліваецца сакрамэнтам споведзі. Падумайце аб гэтым: калі мы ідзём спавядацца з нашых слабасцяў, нашых грахоў, робім гэта, каб прасіць прабачэння ў Езуса, але таксама, каб абнавіць гэтым прабачэннем хрост, і гэта цудоўна. Гэта, як святкаваць у кожнай споведзі дзень свайго хросту. І так споведзь для нас з’яўляецца не сеансам у зале катаванняў, але святам для святкавання дня хросту. Споведзь – для ахрышчаных, каб захоўваць у чысціні белую вопратку нашай хрысціянскай годнасці!”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што сакрамэнт хросту з’яўляецца духоўным пагружэннем у смерць Хрыста, праз якую мы ўваскрасаем разам з Ім, як новае стварэнне.

“Гаворка ідзе пра купель перараджэння і асвятленнем. Перараджэння, таму што здзяйсняецца нараджэнне з вады і Духа, без якога ніхто не можа ўвайсці ў Валадарства нябеснае. Асвятленнем – таму што, праз хрост, чалавек напаўняецца ласкай Хрыста, “святлом праўдзівым, якое асвятляе кожнага чалавека” і праганяе цемру граху. Таму, падчас абраду хросту бацькам даецца запаленая свечка, на знак гэтага асвятлення. Хрост нас асвятляе знутры святлом Езуса. Сілай гэтага дару ахрышчаны пакліканы сам стаць “святлом”, святлом веры, якую атрымаў, святлом для братоў, асабліва тых, якія прабываюць у цемры і не бачаць проблескаў святла на гарызонце свайго жыцця”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што праз сакрамэнт хросту адпускаюцца, як грэх першародны, так і ўсе грахі асабістыя: адкрываецца брама новага жыцця, не абцяжаранага негатыўным мінулым, у якім УЖО адлюстроўваецца прыгажосць і дабро Валадарства нябеснага. “Гаворка ідзе пра моцнае і міласэрнае ўмяшальніцтва Бога ў наша жыццё, для таго, каб нас збавіць. Але гэтае збаўчае ўмяшальніцтва не пазбаўляе нашу чалавечую прыроду яе слабасці; не пазбаўляе адказнасці за тое, каб прасіць прабачэння кожны раз, калі памыляемся! І гэта цудоўна! Я не магу быць ахрышчаным два, тры, чатыры разы, але магу пайсці да споведзі і такім чынам абнавіць ласку хросту”, - нагадаў Святы Айцец.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа адзначыў, што ў гэтыя дні літургічны каляндар нагадвае пра асвячэнне рымскіх базылік св. Яна на Латэране, св. Пятра і св. Паўла. Таму Францішак пажадаў, каб пілігрымаванне па гэтых базыліках умацоўвала ў вернікаў сувязь з Горадам апосталаў і радасць прыналежнасці да Каталіцкага Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.