2013-11-11 10:26:15

Памёр шматгадовы кіраўнік Сікстынскай капэлы – кардынал Барталучы


RealAudioMP3 11 лістапада 2013 г. ва ўзросце 96 гадоў памёр кардынал Даменіка Барталучы, шматгадовы кіраўнік хору Сікстынскай капэлы. Ён займаў гэту пасаду з 1956 г. па 1997 г. і здзяйсняў сваё служэнне падчас пантыфікатаў Пія XII, Яна XXIII, Паўла VI, Яна Паўла І і Яна Паўла ІІ. Іерарх нарадзіўся 7 мая 1917 г. у Таскане. У 1939 г. скончыў духоўную семінарыю ў Фларэнцыі і стаў святаром. У тым жа годзе атрымаў дыплом Фларэнтыйскай кансерваторыі, а ў 1942 г. – дыплом Папскага інстытута духоўнай музыкі і Нацыянальнай кадеміі музыкі св. Цэцыліі ў Рыме. З 1947 г. ён кіраваў хорам базылікі Санта Марыя Маджорэ ў Рыме. У 1956 г. папа Пій XII прызначыў яго пастаянным дырэктарам хору Сікстынскай капэлы. 20 лістапада 2010 г. Бэнэдыкт XVI абвясціў прэлата кардыналам.

Іерарх быў гарачым прыхільнікам латыні ў літургічнай музыцы. “Неабходна вярнуцца да літургіі, якая стварае прастору для музыкі, з густам да прыгажосці, вярнуцца да праўдзіва сакральнага мастацтва”, - сказаў ён у адным са сваіх апошніх інтэрв’ю. Кардынал Берталучы лічыўся лепшым інтэрпрэтатарам знакамітага кампазітара XVI ст. Джавані П’ерлуіджы да Палестрына.

Са смерцю пураурата Калегія кардыналаў налічвае 200 асоб, з якіх 109 з’яўляюцца выбаршчыкамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.