2013-11-11 09:36:02

Бібліст: пераклад Бібліі на беларускую мову – нацыянальны праект


RealAudioMP3 Беларусы маюць патрэбу ў адзінай, “нацыянальнай” Бібліі на роднай мове, – упэўнена вядомая навукоўца і бібліст Ірына Дубянецкая. У кастрычніку яна прымала ўдзел у III Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, на якім упершыню была створана секцыя па перакладзе біблійных і літургічных тэкстаў. Навукоўцы з Нью-Йорка, Прагі, Лондана і Мінска абмяркоўвалі праблемы і перспектывы беларускай Бібліі. Яшчэ ў 2010 г. Ірына Дубянецкая спрабавала сабраць разам усіх, хто зацікаўлены ў беларускім перакладзе Святога Пісання. Зацікаўленасць гэта ўзнікла не тры гады таму – існуе яна не адно стагоддзе, але да гэтага часу Беларусь не мае перакладу Бібліі. Атрымалася, што беларуская – амаль адзіная ў свеце мова, якая носіць статус дзяржаўнай, але на якой нельга знайсці сучаснага, якаснага і поўнага Святога Пісання. І гэта нягледзячы на тое, што ў часы Рэфармацыі менавіта беларусы адны з першых пачалі перакладаць Біблію, – патлумачыла доктар філасофіі і доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая.

“Ад самых першых хрысціянскіх стагоддзяў пераклады Бібліі на родныя мовы часам стваралі пісьменства на гэтай мове (напрыклад, армянскае і грузінскае пісьменства ўтварылася менавіта дзеля перакладу Бібліі). Або гоцкае пісьмо – першае з германскіх. Сёння яно знікла, але мы маем пераклад Бібліі на гоцкую мову. Адпаведна, калі на нейкай мове ствараецца пісьменства, яна адразу пачынае працаваць як літаратурная, яна змяняе свой статус. І ў часы Рэфармацыі адбылося тое самае: калі пачалі перакладаць Бібліі на нацыянальныя мовы, гэта надзвычай спрыяла, стымулявала станаўленне нацыянальных літаратур і культур. Так адбылося з нямецкай, польскай, англійскай мовамі, у XIX ст. – з рускай мовай”, – адзначыла бібліст.

У Беларусі сітуацыя была іншай. Першы пераклад зрабіў Францыск Скарына ў XVI ст. Затым, напрыканцы XVI ст., гэта версія была перакладзена на польскую мову і стала папулярнай настолькі, што менавіта з яе ў XVIІ ст. рабіліся наступныя пераклады. Потым – хваля паланізацыі, затым – русіфікацыі, і нарэшце, як падкрэсліла Ірына Дубянецкая, савецкія часы сталі аб’ектыўнай прычынай таго, што пра беларускую Біблію забыліся.

“Такім чынам, мы бачым культурную сітуацыю: неперакладзеная Біблія – гэта адна з прычын недафармаванай нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, нізкага сацыяльнага статусу літаратурнай мовы, адна з прычын таго, што ў беларускай мове да гэтага часу існуюць розныя самастойныя плыні, якія паміж сабой не перакрыжоўваюцца. І гэта беларусы разумелі вельмі добра. Фантастычная гісторыя – за XX стагоддзе ў нас было больш за паўсотні спробаў перакласці Біблію, але не цалкам, а нейкіх канкрэтных тэкстаў. Максімум – Новага Запавету, у большасьці выпадкаў – фрагменты асобнай кнігі. Што тычыцца Старога Запавету, усе пераклады былі не з арыгіналу. Калі Новы Запавет яшчэ перакладаўся з грэцкай мовы, то Стары Запавет з габрэйскай мовы – не”, – распавяла даследчыца.

Сярод спроб былі тры сур’ёзныя, вынікам якіх сталі тры поўныя пераклады Бібліі на беларускую мову. Пераклад Янкі Станкевіча (выйшаў у ЗША ў 1973 г.) так нікому і не спатрэбіўся – Беларусь была савецкай рэспублікай, больш за тое, “жалезная заслона” не дазволіла пазнаёміць беларусаў з тэкстам. З лінгвістычнага пункту гледжання “станкевічанка” – мова, вельмі далёкая ад сучаснага ўспрымання. Пераклад Васіля Сёмухі рабіўся цалкам не з арыгіналаў, а месцам – з перакладу пераклада. Таму ён таксама не адпавядае крытэрыям сучаснай біблістыкі. У мінулым годзе быў выдадзены пераклад, зроблены Беларускім біблійным таварыствам на аснове перакладу айца Уладзіслава Чарняўскага, які таксама часта карыстаўся не арыгіналамі, а пераводзіў з польскай ці лацінскай моў. Дарэчы, Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква даўно працуюць над перекладамі ў сваіх біблійных камісіях, акія асобна адна ад другой ужо пераклалі чатыры Евангеллі і іншыя тэксты. Праца вельмі вялікая і складаная, якую нельга перамяншаць.

“Вельмі шмат што зроблена ў Каталіцкім Касцёле, што тычыцца Старога Запавету: зроблены лекцыянарыі, вельмі вялікая частка біблійных тэкстаў перакладзена. Але беларусы не могуць сабрацца разам і прачытаць “Ойча наш”, таму што кожны з іх ведае свой уласны пераклад. Такія сітуацыі ўзнікаюць вельмі часта, і тады нават на вуха ловіш гэтыя адрозненні ў словах і нават у рытме малітвы. Вось імя Ісус: Іісус, Езус – гэта колькі варыянтаў! А колькі варыянтаў для іншых тэрмінаў? Гэтыя варыянты робяцца прывычнымі ў адной нейкай канфесіі, нягледзячы на тое, што могуць быць супраць нормаў беларускай мовы і практыкі беларускай мовы. Благаславіць, дабраславіць… Гэта тыя лінгвістычныя пытанні, якія таксама трэба развязваць. Хоць яны і другасныя, бо найперш трэба, каб быў якасны пераклад з якасных крыніц”, – сказала ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё Ірына Дубянецкая.

Такім чынам, лічыць бібліст, пераклад Бібліі ў XXI ст. трэба пачынаць з нуля. Зрабіць гэта аднаму аўтару немагчыма. Пераклад павінен быць калегіяльным. Над ім павінны працаваць біблісты, лінгвісты, святары і тэолагі ўсіх хрысціянскіх канфесій. Новы пераклад не мусіць замяніць тыя, што ўжываюцца ў Цэрквах сёння, але можа стаць акадэмічным, аб’ядноўваючым цывілізацыйным фактарам і, нарэшце, галоўнай духоўнай кнігай, зразумелай кожнаму сучаснаму чалавеку.

“Біблія – гэта звод тэкстаў самага рознага характару і стыляў. Усё гэта хочацца паказаць. Хочацца, каб псальмы гучалі як паэзія, бо гэта вельмі прыгожая і рытмічная паэзія, там рыфмы няма. Але часам там ёсць такія моцныя рытмічныя зрухі, якія толькі адной рытмікай узрушаюць. У Бібліі ідзе вельмі дакладны падбор слоў, часам словы маюць два-тры значэнні ў залежнасці ад таго, з якімі іншымі словамі яны ўжываюцца. Біблія – вельмі прыгожы мастацкі тэкст. Хочацца, каб і пераклад быў мастацкім. І гэта прыцягне новыя пакаленні да чытання Бібліі”, – лічыць бібліст.

Зараз магчымасць новага перакладу Бібліі на беларускую мову абмяркоўваюць у Беларускім біблійным таварыстве. Пытанне падтрымкі гэтай ідэі пакуль разглядаюць галоўныя хрысціянскія Цэрквы краіны. “Як гэта атрымаецца, я яшчэ не ведаю. У любым выпадку супрацоўніцтва з Цэрквамі бузде максімальным. Асноўныя карыстальнікі – гэта вернікі. Мы нават падумалі, можа, складаныя пытанні выносіць на абмеркаванне, каб у людзей было зацікаўленне, каб людзі маглі выказацца. Хочацца, каб гэта быў нацыянальны праект, так ён бачыцца. А як атрымаецца – гэта не толькі нашы намаганні, але і Божае благаслаўленне”, – пераканана Ірына Дубянецкая.

Новы пераклад можа стаць сапраўдным інтэграцыйным фактарам. Ім змогуць карыстацца ўсе – святары і лінгвісты, беларускамоўная эліта і простыя людзі, вернікі любой канфесіі і тыя, хто яшчэ не прыйшоў да Бога, але менавіта праз прыгажосць біблійнага тэксту можа спасцігнуць глыбіню веры, духоўны сэнс і, магчыма, стаць членам хрысціянскай сям’і.

Ларыса Абрамчук, Мінск







All the contents on this site are copyrighted ©.