2013-11-10 13:37:24

Мінск стане цэнтрам міжканфесійнага дыялогу


RealAudioMP3 Чуць адзін аднаго і памнажаць хрысціянскія каштоўнасці – з 17 па 19 лістапада 2013 г. у Мінску пры падтрымцы Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству пройдзе Міжнарожная міжканфесійная канферэнцыя на тэму “Хрысціянская антрапалогія перад выклікамі сучаснасці”. Арганізатары форума – Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя св. Мятода і св. Кірыла і Інстытут межрэлігійнага дыялога і міжканфесійнай камунікацыі. Сустрэча ў такім фармаце – ужо восьмая па ліку, з кожным разам канферэнцыі набываюць маштаб, але заўсёды – гэта гутарка, як кажуць, злабадзённая. Тэма абрана не выпадкова – у XXI ст. сучасны свет вельмі востра ставіць шматлікія пытанні. Форум – унікальная магчымасць для Цэркваў пачуць адна адну, а для грамадства – пачуць гучны голас Царквы ў час, калі альтэрнатывы міжканфесійнаму дыялогу проста няма, адзначыў першы віцэ-старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Хрысціянскі адукацыйны цэнтр св. Мятода і св. Кірыла” Грыгорый Даўгяла.

“Мы бачым, як абвастырлася рэлігійная і антырэлігійная рэфлексія па пытаннях, звязаных з адкрыццямі ў сферы медыцыны, біяэтыкі, сацыяльных узаемаадносін паміж людзьмі, мужчынай і жанчынай. Людзі спрабуюць разумець, у чым сэнс жыцця ў новых умовах, якія імкліва змяняюцца ў эканамічным, інфармацыйным плане. Такое адчуванне, што пад рэвізію падпадаюць усе даўно сфарміраваныя традыцыйныя асновы – як этычныя, так і рэлігійныя. І нам у першую чаргу трэба знайсці інтэлектуальны, духоўны гераскоп, які дазволіць утрымаць раўнавагу, і адкзаць на тыя пытанні і выклікі, якія ставіць перад намі свет”, - сказаў арганізатар форуму ў размове з Беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё.

Акрамя пытанняў, якія аб’ядноўваюць Цэрквы, ёсць і агульная памятная дата – у лістападзе 2013 г. спаўняецца 100 год з пачатку Першай сусветнай вайны, вайны, якая паспрыяла не толькі геаграфічнаму і грамадскаму вадападзелу, але ў тым ліку і рэлігійнаму, нагадаў Грыгорй Даўгяла. “Многія багасловы задаліся пытаннем аб балансе паміж трансцэндэнтнасцю і іманэнтнасцю Бога, дзе ж Бог, калі такія пакуты ў свеце? На багаслоўе XX ст. паўплывала Першая сусветная вайна, а потым і камуністычны рэжым. А XXI ст. не зняло гэтых пытанняў, сярод якіх галоўнае, як выжыць чалавецтву і захаваць чалавечы твар перад такой колькасцю небяспек”, - адзначыў ён.

Удзел у канферэнцыі, па традыцыі, возьмуць кіраўнікі Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы ў Беларусі – арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і Мітрапаліт Філарэт. Сярод высокіх гасцей чакаюць з Ватыкана кардынала Франчэска Кокапальмэрыё, старшыню Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, прадстаўнікоў Канстантынопальскага Патрыярхату і Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, а таксама навукоўцаў і тэолагаў з ЗША, Бельгіі, Францыі, Германіі, Турцыі, Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі. Таксама ніводзен форум не абыходзіцца без удзелу прадстаўнікоў пратэстанцкіх супольнасцяў, мусульман і яўрэяў.

Падчас форуму будзе прэзентаваны сборнік папярэдняй канферэнцыі, прысвечаны праваслаўна-каталіцкаму дыялогу, а таксама праваслаўна-каталіцкі слоўнік па хрысціянскай антрапалогіі – выданне, якое таксама можна лічыць вынікам супрацоўніцтва дзьвух хрысціянскіх канфесій. Але галоўнае – не кнігі і дакументы, а асаблівая атмасфера такіх сустрэч, прызнаўся Грыгорый Даўгяла. “Дух братэрства, узаемнай павагі і любові. Калі мы кажам, што мы не можам маліцца разам, то мы можам маліцца побач і працаваць разам. Гэта вельмі важна, каб Гасподзь бачыў гэтыя нашыя намаганні ў справе здабыцця адзінства – не штучнага і зверху спушчанага. Мы павінны дарасці на гэтага дара, працаваць на гэту карысць”, - перакананы ён.

Кульмінацыяй форуму стане культурная акцыя – канцэрт у Белдзяржфілармоніі. “Прысвечана акцыя будзе памяці ахвяр Першай сусветнай вайны, будуць выкананы творы Рахманінава і Моцарта – праваслаўнага і каталіцкага аўтараў. Ёсць яшчэ разыначка – у зводны хор запрасілі праваслаўны і каталіцкі калектывы. Гэта таксама такі маленькі жэст насустрач адзін аднаму”, - лічыць Грыгорый Даўгяла.

Традыцыйна такія форумы выклікаюць вялікі рэзананс у тэалагічных і навуковых колах не толькі Беларусі. І таму ўдзельнікі з іншых краін, якія не змогуць прыбыць на канферэнцыю асабіста, усё ж прадставяць свае даклады – праз прамыя тэлемасты.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.