2013-11-09 13:21:01

Святы Айцец пра тры вобразы Касцёла


RealAudioMP3 Кароткая гамілія папы Францішка падчас ранішняй св. Імшы 9 лістапада 2013 г. у капліцы Дому св. Марты была прысвечана сэнсу свята гадавіны пасвячэння Латэранскай базылікі. Святы Айцец адзначыў, што сённяшняе свята з’яўляецца святам горада Рыма, Касцёла Рыма і Паўсюднага Касцёла. Латэранская базыліка, па сутнасці, з’яўляецца катэдрай Рыма і “Маці ўсіх касцёлаў Горада і Свету”. У літургічных чытаннях Папа заўважыў “тры вобразы”, якія адлюстроўваюць сутнасць Касцёла. У першым чытанні, з кнігі Эзэхіэля, і 45-м Псальме, паўстае вобраз рачной вады, якая цячэ з-пад парога святыні і весяляць горад Божы. Гэта вобраз ласкі, якая падтрымлівае і сілкуе жыццё Касцёла, заўважыў Пантыфік. У другім чытанні, з Паслання апостала Паўла да Карынцянаў, гаворыцца пра вобраз падмурку, якім з’яўляецца Езус Хрыстус, фундамент, на якім пабудаваны Касцёл.

Евангелле аб ачышчэнні святыні ад гандляроў – гэта вобраз рэформы Касцёла – “Ecclesia semper reformanda”, заўважыў Пантыфік і дадаў, што Касцёл павінен пастаянна змяняцца да лепшага, бо яго члены – гэта грэшнікі, якім патрэбна навяртанне.

Францішак заклікаў вернікаў маліцца, каб Касцёл заўсёды быў крыніцай патоку ласкі, што выцякае з-пад падмурку, якім з’яўляецца Хрыстус, каб даваў вернікам магчымасць пастаянна навяртацца да Езуса.

На пачатку IV ст. Рым пачаў змяняць свой традыцыйны архітэктурны выгляд дзякуючы імператару Канстанціну і будаўнічай дзейнасці, якой ён спрыяў. Па яго ініцыятыве была пабудавана базыліка св. Яна на Латэране з баптыстэрыем і палацам, які стаў рэзідэнцыяй біскупаў Рыма. Базыліка св. Яна на Латэране – Рымская катэдра – гэта Маці ўсіх касцёлаў у свеце. Яна стала сімвалам веры хрысціян першых стагоддзяў, якія адчувалі патрэбу ў тым, каб аб’яднацца ў адным супольным месцы для цэлебрацыі Божага слова і святых сакрамэнтаў. Сённяшняе літургічнае свята – гэта свята ўсіх касцёлаў у свеце. Яго адзначэнне ва ўсім Каталіцкім Касцёле сведчыць аб адзінстве і любові вернікаў да Пантыфіка.







All the contents on this site are copyrighted ©.