2013-11-09 12:04:57

Пантыфік: у хворых ёсць сваё месца ў Касцёле


RealAudioMP3 Хворыя – гэта не проста аб’ект салідарнасці і дабрачыннасці, але ў поўнай меры, удзельнікі жыцця і місіі Касцёла, звярнуў увагу папа Францішак. 9 лістапада 2013 г. ён сустрэўся з членамі, валанцёрамі і падапечнымі Італьянскага нацыянальнага саюзу транспартну хворых у Лурд і міжнародныя санктуарыі (UNITALSI), якая існуе ўжо на працягу 110 гадоў. На думку Святога Айца, дапамога з боку падобных асацыяцый, гэта не проста “спадарожнічанне і філантропія”, але сапраўднае абвяшчэнне “Евангелля дабрачыннасці”. Пантыфік заклікаў працуючых у сферы дабрачыннасці не знеахвочвацца “з нагоды цяжкасцяў і стомленасці”, але працягваць ахвяраваць час, усмешку і любоў да іншых. Папа пажадаў ім, каб кожны хворы змог разглядзець у іх твары самаго Езуса. “Бедныя, у тым ліку і бедныя здароўем, з’яўляюцца скарбам для Касцёла”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік з жалем заўважыў, што “сучасны культурны і сацыяльны кантэкст” схільны хаваць фізічныя слабасці, “разглядаючы іх выключна як праблему”. Асацыяцыі, такія, як “UNITALSI”, на думку Папы, закліканы “ісці супраць плыні падобнай жыццёвай логікі”, дапамагаючы хворым быць лідэрамі ў грамадстве і Касцёле. У хворых “ёсць сваё месца, асаблівая роля ў парафіі і ў кожным сектары Касцёла”, - падкрэсліў Францішак, бо іх прысутнасць, хоць і ціхая, больш красамоўная, чым словы. “Не саромейцеся быць каштоўным скарбам Касцёла”, - заклікаў хворых Пантыфік.

Папа запрасіў церпячых і тых, хто ім дапамагае, давяраць сябе абароне Маці Божай, якая “ведае , што нам трэба”; “яна клапоціцца пра нас, хадайнічае перад Езусам і просіць для кожнага дар “новага віна”, гэта значыць, любоў і ласку, якая ратуе нас”. Дапамога Марыі, адзначыў Святы Айцец, патрэбна перш за ўсё “у гадзіну цяжкасці і слабасці, у гадзіну бедства і блытаніны, і асабліва ў гадзіну граху”.







All the contents on this site are copyrighted ©.