2013-11-08 11:57:32

Францішак асудзіў хабарніцтва


RealAudioMP3 Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дома св. Марты 8 лістапада 2013 г., папа Францішак маліўся за моладзь, якая атрымлівае ад сваіх бацькоў “брудны хлеб” і мае “голад годнасці”. Спаслаўшыся на прапавесць пра неразумнага эканома, Пантыфік асудзіў паводзіны тых, хто загразнуў у хабарніцтве і карупцыі – грахах, выклікаючых залежнасць. На думку Святога Айца, евангельскі несправядлівы эканом – гэта праклад чалавека, ахопленага духам гэтага свету, духам марнасці. Гэты дух з’яўляецца настолькі небяспечным, што нават Езус маліў Айца, каб Яго вучні не паддаліся яму, сказаў Папа. Францішак перакананы, што марнасцю з’яўляецца жыццё паводле “каштоўнасцяў” гэтага свету, і хабарніцтва адносіцца да іх. Святы Айцец адзначыў, што гэты шлях – глыбока грэшны. “Гэты звычай не паходзіць ад Бога: Бог нам загадаў прыносіць дамоў хлеб, зароблены нашай сумленнай працай. Гэты чалавек, эканом, прыносіў яго, але як? Даваў сваім дзецям спажываць брудны хлеб! Яго дзеці, магчыма, вучыліся ў дарагіх навучальных установах, магчыма, выхоўваліся ў культурных асяроддзях, але атрымлівалі ад свайго таты бруд у якасці пасілку, згубілі годнасць. Гэта цяжкі грэх! Ён пачынаецца з маленькага подкупу, але дзейнічае як наркотык!”, - сказаў Пантыфік.

Папа супрацьпаставіў “марную хітрасць” “хрысціянскай разумнасці”, якая базуецца на сумленнасці. Францішак адзначыў, што менавіта да такога жыцця заклікаў Езус, просячы сваіх вучняў быць разважлівымі як змеі, і простымі, як галубы. Спалучыць гэтыя два вымярэнні – “гэта ласка Святога Духа”, дар, аб якім павінен прасіць кожны, лічыць Францішак.

Святы Айцец заклікаў маліцца за дзяцей, якія атрымліваюць ад бацькоў “брудны хлеб”, а таксама за саміх хабарнікаў, каб яны зразумелі, што пасля смерці забяруць з сабой не заробленыя грошы, а недахоп годнасці, бо годнасць нараджаецца дзякуючы сумленнай працы.








All the contents on this site are copyrighted ©.