2013-11-08 13:31:40

У Вене пройдзе форум аб мучаніках камуністычнага рэжыму


RealAudioMP3 Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, кардынал Леанарда Сандры прыме ўдзел у буйной міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай мучанікам камунічтычнага рэжыму з Усходніх Цэркваў. Форум пройдзе ў Вене 9 лістапада 2013 г. на тэму “Што значыць быць хрысціянінам сёння? З досведу мучаніцтва Усходніх Цэркваў”. Удзел у канферэнцыі прымуць шматлікія іерархі і святары Усходніх Каталіцкіх Цэркваў з Аўстрыі, Украіны, Славакіі, Румыніі, Арменіі і Расіі. Удзельнікі будуць размаўляць таксама на тэму пакут Армянскай Апостальскай Царквы падчас генацыду 1915 года з боку Асманскай імперыі, калі было забіта 1,5 млн. армян.

Сапраўднасць рэлігійнага досведу і практыкавання веры Усходніх Цэркваў праз прыклад мучанікаў ХХ ст. уражвае, напісаў у сваім звароце з нагоды канферэнцыі арцыбіскуп Венскі, кардынал Крыстаф Шонборн. Найбольшым смуткам гэтага стагоддзя, паводле іерарха, было падаўленне Богам дадзенай свабоды і чалавечай годнасці з боку ідэалагічных таталітарных сістэм. Іерарх лічыць, што сёння асабліва важна не забывацца пра тыя часы, паколькі сучасныя радыкальныя спажывальніцтва і матэрыялізм часта перарастаюць у сітуацыі, калі чалавечае жыццё не цэніцца, а святасць асобы паддаецца сумніву. Мучанікі Усходніх Цэркваў могуць натхніць да будавання сапраўднай будучыні Еўропы, лічыць кардынал, які з’яўляецца Ардынарыем для католікаў візантыйскага абраду ў Аўстрыі. Ён перакананы, што канферэнцыя з’яўляецца “знакам надзеі на плённы дыялог паміж Усходняй і Заходняй Цэрквамі”.







All the contents on this site are copyrighted ©.