2013-11-06 15:21:41

“Веру, ведаю, разумею”. Лячэнне духоўных хваробаў: злоснасць і дабрыня


RealAudioMP3 Мы працягваем цыкл разважанняў пад назвай “Лячэнне духоўных хваробаў”, у рамках якога размаўляем пра духоўныя немачы, якія перашкаджаюць нам жыць поўным і шчаслівым жыццём. Сёння мы пахілімся над чарговай, вельмі распаўсюджанай хваробай – злосцю. Яна, як і іншыя духоўныя немачы, глыбока хаваецца і часта застаецца для нас незаўважнай. Мы называем яе рэалізмам, крытыкай неабходнай для таго, каб разумець рэчаіснасць, ці нават шчырасцю. Часта гэта хвароба становіцца для нас нармальным спосабам назірання за іншымі. Але, калі злосць скіравана супраць нас, мы адразу яе адчуваем. Прымаем абарончую пазіцыю, прытрымліваемся дыстанцыі ці проста маўкліва ўцякаем, каб пазбегнуць агрэсіўнага позірку іншага.

Злосць вельмі лёгка прарастае і напаўняе ўсе нашы адносіны. Яна заўсёды патрабуе “практычнай рэалізацыі”, каб умацоўвацца і насычацца. Чалавек хворы гэтай немаччу пастаянна шукае недахопы і слабасці ў іншых, часта проста для таго, каб знайсці іх, каб заўсёды мець нагоду для помсты, каб мець апраўданне ўласнаму недахопу любові, сваёй халоднасці і абыякавасці.

Езус ніколі не адказваў на зло са злосцю. Калі сустракаў яго з боку іншых, Ён не рабіў выгляду, што нічога не здарылася, але заўсёды імкнуўся праясніць сітуацыю і ачысціць вочы і сэрцы людзей. Езус, калі сустракае зло ў кімсцьці, пачынае любіць яго яшчэ больш. Не лічыць злосць нагодай для таго, каб аддаляцца.

У нас злосць заўсёды правакуе падзелы, таму што робіць нас вязнямі, прымушае любіць меньш ці адкрыта зневажаць іншых; вядзе да выкарыстання іншых, падбухторвання адно супраць аднаго. Злосць аддаляе ад іншых, таму што перастаем бачыць у іх братоў.

Будучы хворымі на злосць шукаем у іншых толькі горшае. Гэта становіцца спосабам сузірання ўсяго. Разглядаем кожную рэчы праз прызму разліку. У Евангеллі кніжнікі і фарысеі былі менавіта такімі. Яны слухалі Хрыста толькі для таго, каб злавіць Яго ў пастку. Толькі для таго, каб пацвердзіць сваю глыбокую перакананасць у тым, што Ён – не Настаўнік. Евангелле апісвае іх погляды, іх вочы, якімі яны глядзелі, ці даскладней “шпіёнілі”, шукаючы благое ў Езусе.

Кніжнікі і фарысеі заставаліся далёкімі ад збаўлення, менавіта таму што былі вязнямі злосці. Не верылі, што існуе штосьці добрае і цудоўнае. Злосць перашкаджае верыць у справы Езуса, у плёны любові. Фарысеі меркавалі, што Ён выганяў злых духаў сілай Бэльзэбула. Хрыстус аднак ім казаў: “Усялякае валадарства, якое падзялілася само ў сабе, спусташаецца, і дом на дом падае. І калі сатана ў сабе падзяліўся, як выстаіць валадарства яго? Вы кажыце, што я сілай Бэльзэбула выганяў злых духаў, то сыны вашыя сілаю каго выганяюць іх? Таму яны будуць вашымі суддзямі. Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства” (Лк 11, 17-20). Кніжнікі і фарысеі не верылі, а хацелі толькі пацвярджэння сваёй сумнай перакананасці.

Хворы на злосць не прызнае бліжняга і часта сам становіцца ахвярай злоcці. Ён імкнецца толькі атрымліваць любоў, а не дарыць яе. І ў гэтым лабірынце губляецца. Хворы на злосць не мае радасці быцця з іншымі і ад гэтага сам пакутуе.

Вызваляе і ачышчае ад злосці Евангелле. Яно ўказвае шлях канкрэтнай і практычнай дабрыні. Заклікае шукаць у бліжнім хоць адну нагоду для таго, каб яго паважаць і любіць. Заклікае пахіляцца, каб абмываць ім ногі – гэта значыць пазбаўляць бруду, прызнаючы ў іх братоў. Евангелле дапамагае мець чыстае сэрца, якое шукае дабра, вучыць прасіць прабачэння і лічыць іншага вышэйшым за нас саміх.

Папа Грыгорый Вялікі любіў паўтараць: “Вочы бачаць, калі сэрца любіць”. Злосны чалавек ніколі не зразумее нічога пра іншага. Толькі, калі яго сэрца стане добрым, вочы знойдуць адпаведную дыстанцыю, каб паглядзець на бліжняга і, палюбіўшы, распазнаць у ім брата.








All the contents on this site are copyrighted ©.