2013-11-06 10:12:16

Услед за Сінодам 2014 года адбудзецца “вялікая” біскупская асамблея на тэму сям’і


RealAudioMP3 Высокі прадстаўнік Апостальскай Сталіцы яшчэ раз абверг паведамленні СМІ аб тым, што існавалі планы перад Сінодам Біскупаў апытваць вернікаў на тэму сужэнства і сям’і. Анкеты з падрыхтоўчымі пытанні былі разасланы на мінулым тыдні ўсім біскупскім канферэнцыям, паведаміў генеральны сакратар Сіноду, арцыбіскуп Ларэнца Балдзісэры, у Ватыкане 5 лістапада 2013 г. На яго думку, гэтыя пытанні павінны адбіцца рэхам у парафіях і каталіцкіх рухах. Ён даў зразумець, што Святы Пасад “не хоча асабістага меркавання біскупаў, але жадае ведаць, што думаюць і як жывуць людзі”.

Арцыбіскуп Балдзісэры паведаміў гэта падчас прэзентацыі падрыхтоўчага дакумента надзвычайнага Сінода Біскупаў, які папа Францішак абвясціў на 5-19 кастрычніка 2014 г. на тэму “Душпастырскія выклікі, звязаныя з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі”. Як было сказана падчас прэзентацыі, на 2015 г. заплана правядзенне “вялікага” звычайнага Сінода Біскупаў, які мае на мэце паглыбіць гэту тэму і распрацаваць канкрэтныя кіруючыя прынцыпы для душпастырскага служэння. У рамках асамблей будзе абмяркоўвацца пытанне касцёльнага адказу адносна асоб, якія развяліся і ажаніліся паўторна.

У анкеце гаворка ідзе пра грамадзянскія саюзы, саюзы паміж асобамі аднаго полу, змешаныя сужэнствы, варожы да Касцёла фемінізм. Асаблівай праблемай, у адпаведнасці з дакументам, з’яўляецца вялікая колькасць грамадзянскіх саюзаў, феномен сурагатнага мацярынства, міграцыя. У разасланых да біскупскіх канферэнцый матэрыялах падкрэсліваецца вобраз сям’і, пабудаванай у адпаведнасці з Божай воляй на ўсё жыццё, на верным саюзе паміж мужчынам і жанчынай і адкрытай на нараджэнне дзяцей.


Генеральны сакратарыят Сінода чакае адказаў ад епіскапатаў на канец студзеня 2014 г., каб затым выпрацаваць дакумент, які стане падставай прац Сінода. Як падкрэслівалася падчас прэзентацыі, Сінод збіраецца не столькі прадстаўляць ключавыя тэмы каталіцкай дактрыны ў пытанні сям’і, колькі жадае ініцыяваць жывы дыялог паміж касцёльнымі лідэрамі і вернікамі, бо навучанне Касцёла заснавана на Евангеллі, таму не пакідае месца для інтэрпрэтацый.







All the contents on this site are copyrighted ©.