2013-11-05 16:01:46

Што значыць верыць? Інтэграванне - адметнасць каталіцкай веры


Сёлета, калі супольнасць Каталіцкага Касцёла асаблівым чынам засяроджвае сваю ўвагу на феномене веры, варта і нам аднесці гэтую тэму да свайго досведу духоўных перажыванняў, адносінаў да Бога і ўсяго, што з Ім звязанае.

Хачу запрасіць вас паназіраць за тым, што на першы погляд не заўважаецца ў каталіцкай веры, але мае велізарнае практычнае значэнне ў жыцці кожнага шчырага католіка. Гэта інтэгруючая роля каталіцкага спосабу перажывання адносінаў з Панам Богам і бліжнім.

У нашых шматлікіх папярэдніх радыёспатканнях мы заўважылі, што адна з найбольшых адметнасцяў каталіцкай веры – гэта яе велізарная інтэгруючая роля. Іншымі словамі, духоўнасць Касцёла спрыяе таму, што чалавек пачынае станавіцца адным цэлым, пераадольвае разнастайныя падзелы ўнутры і вакол сябе. Бо адкрываючы для сябе Бога як Тройцу Любячых Асобаў, якія жадаюць усталяваць персанальныя адносіны, вернік пачынае адкрываць дагэтуль неспазнаную вартасць сябе і бліжніх як непаўторнай асобы, як Божага сына ці дачкі, унікальны вобраз і падабенства Пана.

Каштоўнасць інтэгруючай, яднаючай ролі адносінаў з Богам у супольнасці Касцёла выразна відаць у параўнанні з альтэрнатыўнымі светапоглядамі. Асабліва яскрава гэта назіраецца сярод тых, хто або замыкаецца на Пана Бога, або зусім адмаўляе Яго існаванне. Такі атэіст або рэлігійна абыякавы чалавек адмаўляе існаванне чагосьці вышэйшага, нейкага пункту адліку па-за сабой. Фактычна, такая асоба лічыць сябе найважнейшым пунктам у сусвеце, меркай усіх рэчаў, крытэрыем дабра і зла, праўды і хлусні. Тэарэтычна такая асоба прызнае, што яна абмежаваная, памылковая і мала што ведае. А ў практыцы паводзіць сябе як Бог, які ведае ўсё і найлепей ва ўсім разбіраецца. Кажучы мовай тэолагаў, уцякаючы ад Бога, чалавек замыкаецца на трансэцэндэнтасць, гэта значыць, на свет па-за сабой. У практыцы такая пастава глыбока небяспечная тым, што чалавек фактычна замыкаецца на акаляючую яго рэчаіснасць, ён перастае адкрываць наваколле, бо жадае бачыць толькі тое, што яму хочацца і робіць выгляд, што не існуе тое, што яму не выгоднае ў дадзеную хвіліну.

Тут мы даходзім да таго, што можна назваць сутнасцю сур’ёзных адносінаў з Панам Богам. Сапраўдны хрысціянін не прыдумвае сабе веру або Бога, але адкрывае Яго. Вобразна такі падыход можна ўявіць як паставу дзіцяці, якое з захапленнем адкрывае для сябе навакольны свет рэчаў і асобаў. Адкрыццё новага аўтаматычна прыводзіць да перагляду ранейшага ўляўлення аб мазайцы свету. Хрысціянін шмат бачыць і разумее, але пры гэтым не губляе свядомасці, што перад ім яшчэ шмат новага і неадкрытага. Калі б не Божае Аб’яўленне, то ўсё адкрытае здавалася б бессэнсоўным хаасам. Падказкі Бога дапамагаюць адкрыць сэнс, лад, зразумець мэту і падабраць адпаведныя і годныя сродкі яе рэалізацыі. Чым глыбей чалавек знаёміцца з Богам, пранікаецца Яго запаведзямі і парадамі, тым больш ён становіцца мудрым і дасканалым, выразна крочачы за дабром і праўдай. Інтэнсіўныя адносіны з Богам, сур’ёзная малітва, рэгулярная і глыбокая споведзь і св. Камунія прыводзяць да фантастычных вынікаў. Нават вельмі моцна разбітая духоўна, маральна або фізічна асоба проста на вачах пачынае перамяняцца, станавіцца цэласнай і здаровай. Чалавек інтэгруецца ўнутры сябе і з акружаючым яго светам. Для многіх гэта парадокс, але праўда ў тым, што ключ да выратавання чалавека з разнастайных праблем, якія разбіваюць яго знутры або псуюць адносіны з акружэннем, крыецца ў яго духоўнай сферы, у настаўленні асобы да жыцця. Бо трываласць маральнай і фізічнай кандыцыі чалавека залежыць ад наяўнасці ўнутрнага духоўнага падмурку. А няма мацнейшага і больш дасканалага фундамента як Бог. Таму той, хто будуе на Ім як на адзінай Скале, у выніку ўзносіць прыгожае, зінтэграванае і цэласнае жыццё годнае сыноў і дачок Бога. Ад іх Ён чакае толькі аднаго: вернасці на кожным кроку. А рэшту здзейсніць Ягоная ўсемагутная ласка.

Кс. Андрэй Рылка








All the contents on this site are copyrighted ©.