2013-11-05 16:01:16

Што значыць верыць? Патрэбы чалавека: “чалавечы фактар” і “фактар Бога”


У чарговы раз мы сустракаемся у эфіры нашага радыё, каб задумацца над асновамі нашай веры. Ад чаго яна залежыць? На чым грунтуецца? Як яе ўмацаваць? На гэтыя і падобныя пытанні з самых разнастаныйных аспектаў багатага свету духоўных перажыванняў мы шукаем адказу на нашых сустрэчах у рубрыцы, прысвечанай Году веры.

У мінулай перадачы, разважаючы над глыбіннымі цячэннямі нашай духоўнасці, мы заўважылі, як моцна на выбар чалавека ўплываюць разнастайныя патрэбы. Адкрыццё духоўных і матэрыяльных патрэбаў чалавека належыць не да сучаснасці. Пра гэта ведалі вучоныя і мудрацы глыбокай старажытнасці. Нават сярод хрысціянскіх аўтараў, калі б мы сабралі ўсе творы прысвечаныя тэме чалавечых патрэбаў і іх уплыву на веру, то напэўна атрымалася б велізарная бібліятэка.

З чым звязана такая пільная цікавасць вучоных і святых розных часоў да тэмы чалавечых патрэбаў? Адказ вельмі просты: ад заспакаення патрэбаў залежыць пачуццё спаўнення, шчасця. Аднак, як слушна заўважаў у старажытнасці святы Аўгустын, заспакаенне далёка не кожнай патрэбы прыносіць шчасце. Больш таго, як адрозніць сапраўдную патрэбу ад дэструктыўнага жадання, нейкага грахоўнага імпульса ці прыхаці? Ці на іх таксама трэба адказваць? Ці дазволіць ім кіраваць дзеяннямі чалавека?

Адказваючы на гэтыя пытанні, мы натыкаемся на пэўны канфлікт паміж рознымі перспектывамі сузірання чалавека і сферы яго патрэбаў. Існуе нямала вучоных, а нават цэлых т.зв. псіхалагічных школаў, якія навучаюць, што ў чалавека няма негатыўных або пазітыўных эмоцый, імпульсаў. Яны проста ёсць і іх неабходна заспакоіць. Як? Даць тое, што яны хочуць. Звычайна прадстаўнікі такога погляду на чалавека выказваюцца даволі крытычна на тэму хрысціянства. Яны лічаць, што трэба перастаць людзям гаварыць пра грэх. Бо нібыта свядомасць граху паглыбляе пачуццё віны, пагружае чалавека ў песімістычнае сузіранне свайго жыцця, спрыяе развіццю дэпрэсій. Сваім адэптам такія аўтары часта малююць вобраз веруючага чалавека як здэпрэсаванага, закамплексаванага песіміста, перапоўненага агрэсіяй з-за таго, што ён пастаянна жыве ў стане канфлікту паміж ідэальным стандартам чалавека, які малюе яго рэлігія, і жорсткай рэчаіснасцю сваёй грахоўнасці.

Прыхільнікі накладання табу на тэму граху, прапануюць даць чалавеку поўную свабоду заспакаення ўсіх імпульсаў душы і цела, залічваючы ўсё, у тым - грахі, да катэгорыі дабра. Здаецца, не трэба быць вялікім вучоным, каб зразумець, чым скончыцца такі спосаб заспакаення чалавечых патрэбаў. Практыка краін, дзе палітычныя сілы імкнуцца навязаць такі падыход, які адкідвае традыцыйную мараль, заканчваецца хаосам і эксперыментаваннем з мараллю. Архітэктары нібыта аптымістычнага бачання чалавека, выкідваючы хрысціянскую мараль і Божыя запаведзі у імя свабоды, фактычна ператвараюць іх у антытэзіс дабра. Гэта значыць, што традыцыйныя каштоўнасці аб’яўляюцца злом, а іх адваротнасць – прагрэсіўнасцю і дабром. У выніку ўзнікаюць такія парадоксы, калі змаганне за правы і свабоды ператвараеца ў тэрор.

Каталіцкі Касцёл голасам сваіх шматлікіх святых, сярод якіх такія сусветна прызнаныя аўтарытэты як святы Аўгустын або Тамаш Аквінскі, паўтарае біблійную праўду пра веліч чалавека, але і слабасць яго кандыцыі. Чалавек вялікі ў тым, што ён носіць у сабе вобраз і падабенства Бога, што яго каштоўнасць мерыцца нявіннай Кроўю Божага Сына, што Сам Бог імкнецца прызнаць у чалавеку сваё дзіця, каб быць для яго Любячым Айцом. Аднак чалавек нізкі ў сваёй грахоўнай сапсаванасці, слепаце ў выбары паміж сапраўдным дабром і дэструктыўнымі імпульсамі яго скажонай натуры. Калі б Бог пакінуў людзей, то нашае жыццё было б сапраўдным пеклам на зямлі. Бо мы не можам самі поўнасцю справіцца са сваімі грахоўнымі схільнасцямі. Мы не здольныя дакладна размежаваць, якія з нашых патрэбаў і пажаданняў добрыя, а якія дрэнныя. Мы патрабуем дапамогі звонку. І Любячы Бог прапаноўвае такую дапамогу праз дзеянне сваёй ласкі і кожнага святога сакрамэнту.

Таму варта кожны раз, калі нехта прыгадвае нам пра чалавечы фактар, грэшныя патрэбы і схільнасці, ўзгадаць таксама пра фактар Бога. Ён не толькі дае моц апанаваць дрэнныя схільнасці, але праз заспакаенне вышэйшых патрэбаў нашай душы адкрывае зусім іншую перспектыву жыцця, дзе кожная патрэба знаходзіць сваё заспакаенне ў Богу.

Кс. Андрэй Рылка









All the contents on this site are copyrighted ©.