У папярэдняй перадачы мы пачалі размову пра тое, што вельмі важнае значэнне ў рэлігійным
жыцці чалавека адыгрывае інтэлектуальная сфера. Мы ўзгадалі пра тое, што Папа Ян Павел
ІІ прысвяціў адносінам паміж верай і розумам спецыяльны дакумент – энцыкліку “Fides
et ratio” (“Вера і розум”).
Сёння мы працягнем гаворку пра ролю розуму ў веры.
Пастараемся прасачыць, адкуль увогуле ўзялося меркаванне аб супярэчнасці і непагаджальнасці
веры і розуму. Гэтае назіранне можа дапамагчы нам асэнсаваць феномен нібыта інтэлігентных
людзей, якія не жадаюць адкрыцца на Бога.
Калі б мы правялі апытанне сярод
атэістаў і людзей знеахвочаных да веры і спыталіся аб іх уяўленнях аб Богу, то адкрылі
б адну заканамернасць. Большасць асобаў ставяцца негатыўна або абыякава да веры таму,
што носяць у сваёй свядомасці скажоны, непраўдзівы вобраз рэлігіі і Касцёла ў прыватнасці.
Гэтая праблема датычыць не толькі звычайных абывацеляў, але і сусветна вядомых крытыкаў
рэлігіі, такіх як Карл Маркс, Фрыдрых Ніцшэ ці Уладзімір Ленін. Часам здзіўляе, што
паралельна з імі жылі вялікія вучоныя і мысліцелі, якія былі глыбока рэлігійнымі асобамі:
Мендэль, Ламаносаў або Эйнштэйн. Кожны з іх лічыў сябе разумным і меў свае рацыі адносна
рэлігіі. Дык чым жа адрозніваецца разумнасць веруючых і няверуючых?
Разумнасць
хрысціянскай веры апіраецца на тым, што кожная рэч у свеце мае сваю прычыну (рацыю)
існавання. А атэісты прызнаюць толькі тое, што чалавек можа пазнаць з дапамогай пяці
фізічных органаў пачуццяў. Верючы шукае канчатковага выяснення: чаму і для чаго ўсё
ёсць. Няверуючы задавальняецца межамі зямнога жыццёвага вопыту. Рэлігійны чалавек
у сваіх інтэлектуальных пошуках не баіцца выйсці па-за сферу прыроды. А атэіст прынцыпова
абмяжоўваецца толькі яе граніцамі. Для веруючага чалавека ўсё мае сваю прычыну. А
тую канчатковую рацыю быцця ён знаходзіць у Богу. А для бязбожніка – кожнае паняцце,
якое не даступнае фізічнаму пазнанню – гэта фантазія. Розум веруючага даходзіць да
таго, што свет без Бога быў бы абсурдам. А для няверуючага абсурд – гэта проста мяжа
пазнання.
Калі б хрысціянства апіралася толькі на разумовыя магчымасці чалавека,
то яно было б бясконцым пошукам рацый і аргументаў. Яно спакойна магло б прэтэндаваць
на ролю прыгожай, карыснай і высока інтэлектуальнай тэорыі. Аднак рацыянальнасць каталіцкай
веры - гэта нешта намнога большае, чым звычайны пошук чалавечага розуму. Хрысціянства
– гэта Аб’яўленне разумнага Бога разумнаму чалавеку. Пан Бог выйшаў насустрач чалавеку
з канкрэтным Пасланнем. А дзякуючы таму, што Ён стварыў нас упадабнёнымі да Сябе,
гэта значыць здольнымі да рацыянальнага мыслення, мы можам уступаць з Богам у дыялог,
пазнаваць Яго і асэнсоўваць пазнанае. Менавіта таму надзвычай важную ролю ў хрысціянстве
адыгрывае Святое Пісанне, якое навечна адбіла ў сабе інтэнсіўнасць і глыбіню моцнага
і шматграннага Божага Аб’яўлення. Яго вяршыняй стала тое, што Слова Бога сталася Целам.
Бог увайшоў у самую гушчу чалавечай гісторыі, каб прынесці праўду і Збаўленне. Як
выказаўся хтосьці са старажытных святых, Бог напісаў нам пісьмо і Сам яго прынёс.
Пасля Аб’яўлення Хрыста Пан Бог чакае ад кожнага чалавека асабістага адказу на Яго
Пісьмо і сведчанне. Ён жадае быць спазнаны. Ён усё для гэтага нам даў: розум, здольнасць
разважаць, рабіць вывады і дзейнічаць.
У хрысціянскай перспектыве разумнасць
чалавека разглядаецца як велізарны і неабходны дар – упадабненне да Бога. Дзякуючы
гэтаму дару чалавек можа чытаць, як казалі сярэднявечныя тэолагі, дзве кнігі, праз
якія яму аб’яўлецца Бог: Святое Пісанне і прыроду. Таму Касцёл напрацягу ўсёй сваёй
гісторыі заклікае людзей не супрацьпастаўляць веру і розум, Божае Аб’яўленне і чалавечы
вопыт. Але карыстаючыся багаццем разнастайных крыніц пазнання адкрываць усю прыгажосць
і шматграннасць рэчаіснасці, якую Бог пажадаў нам даць, каб мы Яго пазналі і палюбілі.