Што значыць верыць? Звышнатуральнасць сапраўднай веры
У мінулай перадачы мы звярнулі ўвагу на тое, што адносіны чалавека з Панам Богам вельмі
моцна абумоўленыя здольнасцю давяраць. Іншымі словамі – рэлігійная вера ў Бога пачынаецца
з натуральнай веры, даверу да блізкай асобы.
Сёння я хацеў бы запрасіць вас,
каб мы паназіралі за тым, што ж такое звышнатуральная вера? Чым яна адрозніваецца
ад звычайнага даверу да чалавека?
У першую чаргу варта заўважыць, што гэтай
тэме шмат увагі ўдзяляе Святое Пісанне. Напрыклад у Пасланні да Габрэяў святы апостал
Павел піша: “Вера – гэта здзяйсненне чаканага і ўпэўненасць у нябачным” (Габр 11,
1). Звышнатуральная вера перад усім з’яўляецца дарам Бога. Гэта ласка Пана. Але яе
эфектыўнасць залежыць ад таго, наколькі чалавек адктыры на яе прыняцце і дзеянне.
Таму ў хрысціянскай духоўнасці так шмат увагі ўдзяляецца натуральным здольнасцям чалавека.
Бо ад нашай паставы, адкрытасці на Бога, залежыць, як моцна будзе дзейнічаць ласка.
У практыцы дзеянне ласкі абумоўліваецца тым, што вернік успрымае слова Бога
не як чалавечае слова, але як звышнатуральнае Аб’яўленне, нейкае адкрыццё. На гэтае
адрозненне паміж верай у чалавека і верай у Бога звярталі ўвагу яшчэ першыя хрысціяне.
Між іншым апостал Павел у Пасланні да Тэсаланікійцаў пісаў: “Мы няспынна дзякуем Богу,
бо калі вы прынялі ад нас Божае слова, то прынялі яго не як чалавечае слова, але,
як ёсць на самой справе, як слова Бога, які дзейнічае ў вас – веручых” (1 Тэс 2, 13).
Праблема, якую закранае апостал, звязаная з тым, што людзі часта рэлігійную
веру асноўваюць на даверы да нейкага зямнога аўтарытэта. Напрыклад, вераць у Бога,
бо ім падабаецца святыня гэтай канфесіі, цырымоніі, музыка або святар. Атрымліваецца,
што адносіны да Бога ў такіх людзей залежаць ад нейкіх знешніх фактараў: эстэтыкі,
псіхалогіі ці архітэктуры. Калі такая нібыта веруючая асоба трапляе ў іншае месца,
дзе тая самая канфесія, але неспрыяльная псіхалагічная, эстэтычная ці матэрыяльная
сітуацыя, то яе вера губляецца… Паўстае пытанне: на чым грунтавалася вера гэтай асобы?
Яна была заснаваная на Створцы, ці на стварэнні?
Касцёл разумее праблемы так
званага “чалавечага фактара”, таму прапаноўвае іншы шлях. Трэба імкнуцца да таго,
каб вера ў Бога апіралася не на зямныя аўтарытэты, але наадварот. Католік паслухмяны
зямным аўтарытэтам таму і на столькі, насколькі яны выражаюць веру і волю аб’яўленую
Богам. Католікі шануюць і выконваюць волю касцёльных уладаў не таму, што ім падабаецца
выгляд ці характар нейкага іерарха. Не. Вернік слухае біскупа і святара таму, што
той верна абвяшчае людзям Божую волю і раздае Яго дары ў святых сакрамэнтах і праз
пастырскае служэнне. Верагоднасць і моц касцёльных аўтарытэтаў апіраецца на звышнатуральнай
веры ў Бога і досведзе таго, што праз іх навучанне і служэнне прамаўляе бясспрэчная
і аўтэнтычная мудрасць самога Пана.
Наступнай адметнасцю рэлігійнай веры з’яўляецца
тое, што яна заклікае чалавека да змены жыцця. Як заўважылі яшчэ старажытныя айцы
Касцёла, чалавечае слова мала на што ўплывае. А калі прамаўляе Бог, то Яго слова змяняе
жыццё. Аднак Бог ніколі не дзейнічае супраць нашай волі, а толькі няспынна заклікае
нас да навяртання. Прыняцце чалавекам Яго волі адкрывае дзверы звышнатуральнай моцы
Ўсемагутнага, якая вядзе нас да рэальнай паўнаты жыцця - святасці.
Яшчэ адна
адметнасць рэлігійнай веры – гэта тое, што яна з’яўляецца выразам надзеі на звышнатуральнае
абяцанне Бога. Натуральная вера часта шукае нейкай зямной матывацыі, рэалізацыі мэтаў
і інтарэсаў у межах зямнога жыцця чалавека. А рэлігійная вера перанакіроўвае нашае
жыццё так, што кожная зямная хвіліна ператвараецца ў паступовую рэалізацыю звышнатуральнай
перспектывы жыцця ў гармоніі з Богам.
Разуменне таго, што поўная рэалізацыя
Божых абяцанняў надыдзе толькі за парогам зямнога жыцця, нараджае розныя праблемы
з верай. Цяжка верыць у тое, чаго да канца не ведаеш і не бачыш. Таму звышнатуральная
перспектыва хрысціянства ставіць перад намі вельмі вострае пытанне аб матывацыі ў
веры. Чым мы кіруемся, калі становімся на малітву, прыходзім у касцёл або стараемся
выконваць Божыя запаведзі? Якія нашыя ўяўленні аб звышнатуральных абяцаннях Бога?
Адказ на гэтыя і іншыя пытанні мы пашукаем у нашай наступнай перадачы.