2013-11-05 16:01:25

Што значыць верыць? Два вымярэнні чалавека


Звычайна пытанні веры атаясамліваюцца з духоўнай сферай чалавека. Але ці гэта правільна? Ці можа і ці павінна вера ахопліваць не толькі духоўнае, але і цялеснае жыццё асобы? На гэтыя пытанні сёння мы пастараемся пашукаць адказ.

Тое, што вера найбольш атаясамліваецца з духоўнай сферай чалавечага жыцця, мае сваё абгрунтаванне. Бо справы веры тычацца нашых адносінаў з Панам Богам. А Ён, як вядома, нематэрыяльны, неабмежаваны законамі фізікі, разумны, дасканалы і ўсюды прысутны дух. Святое Пісанне распавядае пра тое, што Бог стварыў чалавека на Сваё падабенства. Гэта значыць, што чалавечай асобе таксама ўласціва нематэрыяльнасць, духоўнасць, разумнасць, здольнасць пераўзыходзіць законы фізікі. Аднак у адрозненні ад Бога, мы абмежаваныя ў сваіх магчымасцях. Больш таго, прырода чалавека складаецца не толькі з нематэрыяльнай душы, але і фізічнага цела. Па сваіх фізічных дадзеных мы блізкія да свету біялагічных арганізмаў. А яны, у параўнанні з духоўнымі істотамі, вельмі недасканалыя: абмежаваныя ў прасторы і фізічных магчымасцях, іх лёгка пашкодзіць або забіць, яны маюць абмежаваныя органы і спосабы кантакту з акружаючым асяроддзем.

Свядомасць гэтай дваістасці чалавечай прыроды ва ўсе вякі нараджала шматлікія спрэчкі аб тым, хто такі чалавек: звычайная жывёла, дух асуджаны на вязніцу цела ці можа нешта большае за дух і матэрыю?

У залежнасці ад адказу на пытанне: “хто такі чалавек?”, напрацягу стагоддзяў паўставалі самыя неверагодныя вучэнні, рэлігійныя і палітычныя сістэмы. Тыя, хто лічыў чалавека толькі жывёлай, прыраўнівалі вартасць яго жыцця да лёсу расліны або жывёлы, якія па сляпых законах прыроды нарадзіліся, каб расквітнець і бессэнсоўна загінуць, працягваючы замкнёны ланцуг прыроды: нараджэння і памірання. Самыя розныя мысляры і рэлігійныя дзеячы прапаноўвалі часам дыяметральна супрацьлеглыя выхады з замкнёнага кола ўяўленняў чалавека пра сваю прыроду: ад самазнішчэння, падаўлення ў сабе цялеснасці або духоўнасці да эгаістычнага выкарыстання сваёй жыццёвай энергіі для самазадавальнення або пераадолення заканамернасцяў уласнай натуры.

Адкрыццё магчымасцяў, якія дае чалавеку духоўнасць, здольная пераўзыходзіць законы фізікі і біялогіі, давала многім надзею на новы шлях самазбаўлення. Па сённяшні дзень не перастаюць узнікаць разнастайныя вучэнні, якія заахвочваюць людзей пагарджаць целам, адносіцца да яго інструментальна як да машыны, а думаць толькі пра нематэрыяльнае: самасцвярджэнне, самарэалізацыю, магутнасць або аздараўленне праз кантакт з акультнымі сіламі.

Пан Бог ад пачатку гісторыі выйшаў насустрач чалавеку, каб распавесці яму пра яго годнасць і сэнс існавання. Нават далёкія ад Бога людзі сёння могуць адкрыць Святое Пісанне, каб пазнаёміцца з гэтым вялікім Аб’яўленнем Пана. Адказ Бога аказваецца адначасова геніяльна просты і складаны. Чалавек – гэта асоба. Не дух, і не цела. Але непадзельнае адзінства духоўнага і матэрыяльнага пачаткаў. Калі чалавек кажа: “я”, то гэта адносіцца ў роўнай ступені і да яго цела, і да душы. І адзін, і другі элемент нашай прыроды – гэта неад’емная і аднолькава важная складовая нашай асобы, якая патрабуе вялікага клопату і якая не можа не ўдзельнічаць у таямніцы веры – кантакце чалавека з Богам.

Шматвяковы вопыт Касцёла, правераны жыццямі незлічонай колькасці святых, паказвае, што адзіна правільны шлях да сапраўднай чалавечнасці і да паўнаты адносінаў з Богам – гэта дасканалая гармонія паміж духоўным і цялесным жыццём. Усе сферы чалавека яднаюцца і дасягаюць аптымальнай збалансаванасці тады, калі ён дазваляе Богу вызначаць рытм свайго унутранага і знешняга жыцця. Адкрыццё мудрага і мэтанакірванага творчага плану Пана Бога, а таксама рэальныя адносіны з Ім немагчымыя без згоднага ўзаемадзеяння ўсіх сфераў чалавека. Пан Бог прагне размаўляць не з целам або душой, але з цэлым чалавекам – з асобай. Пагэтаму вера – гэта справа не толькі чагосьці ўнутранага або знешняга. Пан Бог чакае ад нас “і.., і…”. Гэта значыць, што Ён заклікае нас не абмяжоўвацца ў веры, але дазволіць Божай любові пранізваць і перамяняць усе сферы нашага жыцця.

Пра тое, як у практыцы вера можа перамяняць не толькі духоўнасць, але і цялеснасць чалавека, мы паразмаўляем у нашай наступнай перадачы. Няхай добры Бог дапаможа нам выражаць сваю веру усім багаццем душы і цела.

Кс. Андрэй Рылка









All the contents on this site are copyrighted ©.