Што значыць верыць? Вера – тое, што яднае чалавека
Нягледзячы на тое, што на тэму веры і рэлігійнасці напісаныя мільёны кніг, гэты феномен
не перастае захапляць сэрцы і розумы новых пакаленняў людзей блізкіх і далёкіх ад
Бога. Таксама і мы напрацягу нашых радыёсустрэчаў пахіляемся над духоўнай сферай нашага
жыцця, каб назіраючы за ўласным вопытам і думкамі пра веру, параўнаць іх з тысячагадовай
мудрасцю Касцёла.
У мінулай перадачы мы ўсвядомілі, што сапраўдныя адносіны
паміж чалавекам і Богам існуюць тады, калі яны ахопліваюць усе сферы жыцця: цела і
душу, розум і эмоцыі, дзеянні і думкі. Варта заўважыць, што ў сучаснай культуры прапагандуецца
адваротнае пераканне. Аматары ідэалогіі секулярызму (свецкасці) навязваюць сучаснаму
чалавеку погляд, што вера – гэта толькі справа душы, якая не павінна кранаць яго цялеснай
сферы. У матэрыяльным, знешнім жыцці належыць жыць так, як бы Бог не існаваў. Прыхільнікі
свецкасці калі і пагаджаюцца на веру, то толькі як нейкае прыватнае хоббі, схаванае
ў сценах чалавечага сэрца.
Такі падыход да рэлігійнасці не толькі не згодны
з тым, шт Бог аб’явіў пра Сябе і нас, але вельмі моцна выкрыўляе погляд чалавека на
самога сябе. За ідэалогіяй свецкасці хаваецца перакананне, што чалавек складаецца
з частак, якія функцыянуюць незалежна адна ад другой. Атрымліваецца, што ёсць душа,
якая можа жыць аднымі каштоўнасцямі, а ёсць цела, якое можа кіравацца зусім іншымі
мэтамі. У думках чалавек можа быць хрысціянінам, а ў паводзінах павінен быць атэістам.
Можа мець рэлігійныя пачуцці, але размаўляць ён павінен так, як бязбожнік. У душы
быць узнёслым як анёл, а целам – як найбольш прымітыўная жывёла.
Такая свецкая
ментальнасць прыводзіць да катастрафічных наступстваў як у веры, так і ўвогуле ў жыцці
асобы. Чалавек, які паддаўся перкананню, што ён мае розныя сферы жыцця, якія могуць
кіравацца незалежнымі адно ад другога мэтамі, даводзіць сябе да поўнай супярэчнасці,
непаслядоўнасці і становіцца безабаронным перад навалай невырашальных імпульсаў “хачу”
і “не хачу”, “можна” і “нельга”. У падмурках такога выбарачнага і фрагментарнага падыходу
да жыцця крыецца меркаванне, што не Бог, але чалавек сам для сябе павінен вызначаць
крытэрыі дабра і зла, праўды і хлусні, не шукаць Хрыстовага Збаўлення, але прыдумваць
шляхі самавыратавання.
Існуе таксама нямала асобаў, якія бачаць, што калі няма
адзінства паміж рознымі сферамі жыцця, то гэта нішчыць чалавека. Многія з такіх людзей
пачынаюць адкрываць мудрасць і глыбіню Евангельскага вучэння Езусам і Яго Касцёла,
у якім нанава адкрываюць сябе для сябе. Пагаджаючыся з Богам, пагаджаюцца самі з сабой.
Іх душа, цела, розум і пачуцці пачынаюць функцыянаваць як адно цэлае. Бо ўвесь чалавек
пачынае жыць па адзіных Божых запаведзях, кіравацца выразнай і адзінай іерархіяй каштоўнасцей,
імкнуцца да адной мэты – гарманічнага жыцця з Богам.
Нажаль, існуе таксама
такая катэгорыя асобаў, якім не ўдаецца вырвацца з замкнёнага кола свайго “я”. Гэта
тыя людзі, якія адкрылі, што чалавек павінен быць адным цэлым, не можабыць унутрана
разбітым і супярэчным. Аднак замест прыняцця Хрыстовага плану Збаўлення, яны прыдумваюць
свае ўласныя, часам вельмі наіўныя і прымітыўныя канцэпцыі самавыратавання, дасягнення
ўнутранай гармоніі. Некаторыя з іх, стомленыя доўгімі гадамі ілюзій, пасля адкрываюць
свабоду і непараўнальную мудрасць Хрыстовага вучэння.
Езус прапаноўвае чалавеку
апіраць цэласнасць свайго жыцця не на ўласным “я”, але на адносінах з Ім. Чалавека
сам па сабе слабы, але можа чэрпаць з крыніцы Божай моцы і мудрасці. Таму Пан Бог
заклікае нас не дзяліць сябе на нейкіх сферы, не супрапастаўляць духоўнае і цялеснае,
але згарманізаваць сваё жыццё. І крыніцай гэтай сапраўднай гармоніі будзе не нейкая
філасофія ці тэхніка, але жывая і шчырая любоў паміж чалавекам і Богам.
Любоў,
да якой заклікае нас Езус у Евангеллі, не дзеліць чалавека на часткі і не дзеліць
людзей на сваіх і чужых. Бог вучыць нас непадзельнай любові. І як прыклад паказвае
нам Самога Сябе. Каб навучыцца па-сапраўднаму любіць і каб знайсці сапраўдную ўнутраную
гармонію, і знайсці ключ да паяднання з іншымі асобамі, трэба проста выйсці за межы
сваіх страхаў і перакананняў, зайсці ў Касцёл і ў ім пачаць слухаць Езуса. Ад нашага
жадання больш слухаць Хрыста, чым нашыя сумненні і меркаванні залежыць, як хутка мы
прыйдзем да сапраўднай гармоніі ў сваім уласным жыцці і знойдзем ключ да паяднання
з кожным бліжнім.