2013-11-05 16:00:45

Што значыць верыць? Вера – ключ да адкрыцця сэнсу жыцця


Няма ў свеце чалавека, які не меў бы нейкіх уяўленняў аб духоўнасці або Богу. Гэтыя ўяўленні часта бываюць настолькі неверагодныя і разнастайныя, што, здаецца, няма межаў рэлігійнай фантазіі людзей. Часам нават сярод асобаў, якія належаць да адной і той жа канфесіі, здараюцца настолькі адрозныя меркаванні аб веры, што ўзнікае заканамернае пытанне: а хто з іх мае рацыю? Ці існуюць нейкія крытэрыі, паводле якіх можна было б адрозніць праўдзівую рэлігійнасць ад фальшывай?

У нашых папярэдніх перадачах мы заўважылі, што кожны чалавек нараджаецца з натуральнай здольнасцю верыць. Акрамя гэтай псіхалагічнай уласцівасці нашай прыроды, кожны пад уздзеяннем акружэння і ўласнага досведу будуе ў сваім уяўленні нейкі вобраз Бога або звышнатуральнай рэчаіснасці. Але ўяўленне – гэта яшчэ не рэчаіснасць. Думка пра Бога – гэта яшчэ не Бог. Сапраўдная вера пачынаецца тады, калі чалавек узнімаецца па-над уласныя меркаванні, адкрываецца на звышнатуральную рэчаіснасць да канца неспазнанага Бога і жадае ўсталяваць з Ім асабісты кантакт. Гэты першы акт рэальнага спаткання з жывым Богам і ёсць першым праяўленнем сапраўднай веры. Гэты момант важны тым, што чалавек адкрываецца на натхненне і дар ласкі Бога. Без гэтага дару чалавек так і застаўся б на ўзроўні ўласных інтэлектуальных пошукаў і меркаванняў аб звышнатуральным свеце. Ласка веры дае чалавеку магчымасць увайсці ў кантакт з іншай рэчаіснасцю: няўлоўнай і нябачнай. Адзінае, па чым можна даведацца, што гэты кантакт з Богам быў рэальны – гэта бачныя эфекты ў жыцці чалавека.

Ад таго, што ў кантакце Бог з’яўляецца найважнейшым, а чалавек да канца не можа зразумець Яго логікі, нараджаюцца шматлікія цяжкасці. Першая з іх – гэта пытанне аб сэнсе такіх адносінаў. Ці сапраўды чалавек так моцна патрабуе Бога? Ці вера дае нешта рэальнае? Ад адказу на гэтыя важныя пытанні залежыць, ці нейкая асоба працягне развіваць адносіны з Богам, ці замкнецца і пачне жыць без мэты, пакуль поўнасцю не спаліць рэсурсы жыцця, атрыманыя ад Пана.

Ёсць нямала людзей, якія ўцякаюць ад Бога і пытанняў аб мэце свайго існавання. Яны загружаюць сябе зямнымі клопатамі, бягуць ад думак аб будучай вечнасці, прыдумваючы самыя неверагодныя тлумачэнні.

Ёсць і іншыя людзі. Гэта тыя, хто жадае напоўніць сваё жыццё сэнсам. Яны ставяць сабе мэты, але толькі ў межах зямной рэчаіснасці. Такія асобы звычайна зацыкліваюцца або на сабе, або на іншым аб’екце: рэчы ці асобе. Першыя з іх апантаныя ідэяй самарэалізацыі, адкрыцця і выкарыстання нейкага таямнічага унутранага патэнцыялу, які нібыта дрэмле ў чалавеку. Яны шукаюць у сабе дзяцей індыга. Гэта кандыдаты ў разнастайныя гнастычныя секты і ідэалогіі тыпу New Age, тэасофіі, далёкаўсходніх рэлігійных практык, ёгі, акупунктуры, “адкрыцця чакраў” і “трэцяга вока”.

Сярод аматараў зямной мэты чалавечага жыцця нямала звычайных матэрыялістаў і агностыкаў. Яны лічаць, што свет і Бог непазнавальны. А людзям проста трэба неяк пражыць у свеце, у які невядома для чаго іх закінуў Стварыцель ці сляпы лёс. Прыхільнікі такога погляду прапаноўваюць людзям кампенсацыі: “Не ведаеш для чаго жывеш? Прыдумай сабе мэту і жыві”. Гэта тыя, хто зацыклівае мэту свайго жыцця толькі на сям’і, кар’еры, збіранні матэрыяльных багаццяў ці пошуку задавальнення. Жыццёвы шлях такіх людзей суправаджае глыбіннае пачуццё нерэалізаванасці, інтуітыўнае прадчуванне, што яны марнуюць нешта вельмі важнае. Але ўвасці ў гэты свой голад душы яны часта баяцца і жывуць, нібыта пастаянна ад чагосьці ўцякаючы.

Хрысціянская вера запрашае чалавека не да прыдумвання, але да адкрывання сэнсу жыцця. Мэту нашага існавання можа ведаць толькі яго аўтар – Бог Стварыцель. Таму руплівы пошук рэальнай мэты чалавечага жыцця заўсёды прыводзіць да сустрэчы з Богам. Ён настолькі цярплівы да нашай абмежаванасці, што гатовы прайсці з кожным чалавекам доўгі шлях ад пачатку веры і да канца. Кожнаму з нас Бог імкнецца з любоўю растлумачыць, што мы надта слабыя, каб усё адразу зразумець. Таму Ён прапаноўвае шлях паступовага адкрыцця ісціны. Ён абяцае правесці чалавека. А каб у нас усё атрымалася, неабходна толькі адно – даверыцца Яму, уважліва слухаць і выконваць усё тое, што Ён скажа. Для гэтага трэба паставіць Бога на вяршыню сваіх жыццёвых мэтаў. Падпарадкаваць Яму ўсе іншыя зямныя мэты і выставіць іх у гарманічную іерархію. Тады яны ператворацца ў адмысловую лесвіцу, якая дапаможа нічога не змарнваць і ўпэўнена дайсці да канчатковай мэты – паўнаты жыцця ў гармоніі з Богам.

кс. Андрэй Рылка







All the contents on this site are copyrighted ©.