2013-11-05 16:01:06

Што значыць верыць? Вера і адказнасць за пазнанае


У мінулай перадачы мы заўважылі, наколькі важную ролю ў жыцці веруючага чалавека адыгрывае інтэлектуальная сфера. Мы гаварылі пра тое, што дзякуючы дару розуму людзі могуць пазнаваць Бога, адкрываць разнастайныя праўды пра Яго і пра саміх сябе. Сфера інтэлекту, здольнасць да лагічнага мыслення, дазваляе чалавеку адрозніваць праўду ад хлусні, дабро ад зла, адкрываць заканамернасці свету, развіваць навуку, тэхніку і культуру. Пазнанне праўды адкрывае перад людзьмі велізарныя магчымасці, якія крыюцца ў патэнцыяле чалавека і ў асяроддзі яго пражывання.


Назіраючы за тым, якія магчымасці адкрывае перад намі дар розуму, узнікае заканамернае пытанне: навошта? З якой мэтай Бог даў чалавеку розум? Ці мы здольныя ведаць усё? Ці пазнанне можа несці пагрозу?


Гэтыя і падобныя пытанні ва ўсе вякі турбавалі вялікіх хрысціянскіх мысліцеляў і святых. На шматлікіх старонках Бібліі, напрыклад, у кнізе Псальмаў, паказваецца захапленне чалавека тым, што ён пазнаў пра Бога і пра стварэнне.


Аднак пазнанне крые ў сабе не толькі дабро, але і вялікую небяспеку. Так як кожны Божы дар, яно можа так захапіць чалавека, што ён забудзе пра ўсё, зацыкліваючыся толькі на выкарыстанні адкрытага. Так у гісторыі здарылася са шматлікімі вучонымі, якія пачыналі адкрываць разнастайныя таямніцы сусвету і чалавека. Ім спачатку здавалася, што яны зараз усё спазнаюць і растлумачаць, як і што можна выкарыстаць. Некаторыя з іх знясіленыя пытаннямі, на якія не знаходзілі адказы, пачыналі сумнявацца ў веры, станавіліся атэістамі. Некаторыя пачыналі верыць у вечную Матэрыю. Яны адкідвалі хрысціянства, горда заяўляючы, што яны будуць як богі кіраваць сіламі прыроды. Але рэальнасць хутка паказала, наколькі вера ў навуку адносная і веды людзей абмежаваныя. Акрамя таго, мінулае стагоддзе паказала жахлівую небяспечнасць бязбожнага выкарыстання навукі, калі адкідваецца ўсялякая мараль, фальшуецца праўда, безадказна выкарыстоўваюцца навуковыя адкрыцці, што ў выніку прывяло да жахлівых сусветных воен, атамных і гуманітарных катастрофаў.


Таксама і хрысціянам ва ўсе вякі пагражала спакуса шукаць адказы на жыццёвыя пытанні, не лічачыся з Богам. Па сённяшні дзень здараюцца вернікі, якія губляюць веру, рашаючыся на ўласны (па-за Касцёлам) шлях пошуку праўды. Яны вераць, што зараз адкрыюць нешта, што дакажа памылковасць ранейшага хрысціянскага вучэння, а іх - рацыю. Такія людзі часта імкнуцца ператлумачыць Біблію па-свойму, апіраючыся на ўласны розум. У выніку паўстаюць секты ці альтэрнатыўныя псеўдахрсціянскія вучэнні.


Больш сурёзная праблема ўзнікае тады, калі за падобную справу бярэцца адзін ці група нібыта аўтарытэтных вучоных. Часта гэта аўтарытэты ў фізіцы або біялогіі, але поўныя аматары ў справах веры, тэлогіі. Выкарыстоўваючы свой аўтарытэт у галіне нейкіх навук, яны пачынаюць выдаваць за праўду свае тэалагічныя фантазіі. Пасля сапраўдным вучоным трэба прысвяціць нямала намаганняў і часу, каб паказаць, што тая ці іншая гіпотэза, на якой грунтавалася нібыта новае бачанне навукі і веры, аказалася непраўдзівай.


Прыкладам такіх ідэалогій у навуцы былі гіпотэзы дарвінізма, або вучэння аб паходжанні чалавецтва не ад адной пары. Як жа моцна прыхільнікі гэтых гіпотэз і мадэрнісцкага перагляду веры крытыкавалі Папу Пія 12-га за энцыкліку “Humani generis”, у якой Пантыфік заклікаў католікаў не паддавацца на правакацыі псеўдавучоных і трымацца традыцыі веры. Дастаткова было некалькіх дзесяцігоддзяў, каб імклівае развіццё генетыкі і іншых навук прызнала рацыю традыцыйнаму вучэнню Касцёла і адзін за адным пачало адкідваць памылковыя тэзісы дарвіністаў.


Можна прыводзіць сотні прыкладаў таго, наколькі бедны чалавечы розум, закрыты на Бога. І наколькі багаты той, хто творча сумяшчае Аб’яўленне Бога і вольнае ад ідэалогій пазнанне. Бог даў нам дар розуму для пазнання дабра і чакае ад нас сумеснага творчага ўзаемадзеяння. Амаль на кожнай старонцы св. Пісання Ён не перастае паказваць як моцна давярае нам, што прыйдзе час, калі мы будзем радвацца не столькі здольнасцю пазнання, сколькі тым, што можам пазнаць Бога.


Кс. Андрэй Рылка







All the contents on this site are copyrighted ©.