2013-11-05 16:01:38

Што значыць верыць? Вера як вызваленне ад бар’ераў


Назіраючы за разнастайнымі феноменамі рэлігійных перажыванняў вернікаў, мы прыйшлі да высновы, што паўнавартасныя адносіны з Богам магчымыя пры поўным удзеле чалавека. Што гэта значыць? Поўны ўдзел у адносінах з Панам Богам прадугледжвае актыўнасць на ўсіх узроўнях жыццядзейнасці асобы. Бо існуе нямала людзей, якія па розных прычынах выдзяляюць для веры толькі нейкую частку свайго часу і жыцця. А іншыя сферы сваіх перажыванняў выносяць за рамкі выдзеленай для Бога тэрыторыі. Гэта людзі, якія свядома ці несвядома выходзяць на вельмі небяспечны шлях раздваення асобы. Яны імкнуцца жыць у двух часам зусім несумяшчальных вымярэннях. Напрыклад, у душы такая асоба прагне жыць з Богам, нават у думках з Ім размаўляе, моліцца. Аднак у той жа час у знешнім жыцці паводзіць сябе так, як бы з хрысціянствам такую асобу нічога не злучала. Гэта можа выражацца ў сур’ёзным маральна адмоўным стылі жыцця: рэгулярным падкрадванні на месцы працы або паталагічнай схільнасці да брыдкаслоўя ці сістэматычным зневажанні іншых асобаў. Таксама гэтая разбітасць ці палавінчатасць хрысціяніна можа выражацца ў абыякавасці да сваіх адносінаў з Богам або да свайго духоўнага здароўя.

Многія людзі незадаволеныя сабой і сваім жыццём менавіта таму, што паддаюцца спакусе жыць толькі нейкай часткай сябе. Ім ніяк не ўдаецца або не верыцца, што можна жыць паўнатой, быць адным цэлым. Часта ацэньваючы псіхалагічную ці фізічную кандыцыю нейкай асобы, ёй самой ці акружэнню можа здавацца, што ўжо ўсё страчана, занадта глыбокія раны і беззваротна нешта разбілася. Магчыма, такая песімістычная ацэнка абсалютна праўдзіва і рэальна ацэньвае г. зв. “чалавечы фактар”, няздольнасць асобы нешта выправіць у сваім жыцці. Але якраз такі момант ісціны – гэта тая сітуацыя, калі чалавек знаходзіцца ў паўкроку ад сапраўднай веры, рэальных і жывых адносінаў з Богам. Бо ўсведамленне чалавечай слабасці і няздольнасці збавіцца ад нейкай праблемы насоўвае думку пра тое,што неабходна шукаць збаўлення па-за чалавекам. Калі не можа чалавек, значыць, можа Бог. Бо для Яго няма нічога немагчымага. Калі ў нашым жыцці так моцна дае аб сабе знаць “чалавечы фактар”, то дзе ж тады “фактар Бога”? Падобныя пытанні так моцна набліжаюць нас да адкрыцця таго, што Бог не толькі прысутны ў нашым жыцці, але Ён нешта робіць і жадае дзейнічаць з яшчэ большай моцай.

Многія хрысціяне, якія дзесьці пагубіліся ў сваёй веры, патрабуюць моманту сутыкнення з дзвюмя праўдамі: пра сваю чалавечую слабасць і пра моц Божай ласкі. Добра, калі такая асоба пры гэтым сустрэне мудрага хрысціяніна, які падкажа ёй, дзе шукаць корань праблемы. А ён можа аказацца зусім у нечаканым месцы. Менавіта ў тым, што аднойчы гэтая веруючая асоба паставіла Пану Богу межы ў сваім жыцці: “Тут я буду дзейнічаць па-Божаму, а тут няхай Бог не ўмешваецца”. Вялікае мноства крызісаў веры, маральных, а пасля і жыццёвых праблемаў пачынаюцца з такой фатальнай памылкі: разбіцця ўласнага жыцця на сектары “Божыя” і “нябожыя”.

Тыя хрысціяне, якія адкрылі праўду пра сваю слабасць і звярнуліся ўсім сэрцам да Бога па дапамогу, часта пачынаюць вучыцца жыць па-новаму. Бо як гэта – быць цэласным, не разбітым, быць сабой у кожнай справе, быць аднолькавым пры спатканні з Богам і кожнай іншай асобай? Сколькі ж страхаў перажываюць людзі, якія робяць першыя крокі па вызваленні з маладушнасці, хамелеонства, прыстасавальніцтва, калі ўпершыню, незалежна ад асяроддзя, паказваюць сябе сапраўдных, адстойваюць свае каштоўнасці і перакананні. У многіх выпадках па-людску гэта здаецца немагчымым. Але менавіта такі момант няздольнасці чалавека пераламаць нейкія ўунутраныя і знешнія бар’еры адкрывае поле для таго, каб шчыра звярнуцца да Бога па дапамогу. Чалавек, які спадзяецца толькі на самога сябе, заўсёды прайграе. А выгрывае заўсёды той, хто дзейнічае ў кожнай без выключэння справе разам з Богам.

Шматвяковая гісторыя Касцёла адкрывае перад намі тысячы прыкладаў таго, як чалавек выходзіць пераможцам з самых складаных сітуацый, калі ён нягледзячы на свае страхі і адмоўнае асяроддзе не перастае ісці за Богам. Прайграюць тыя, хто дзеліць сваё жыццё на “Божыя” і “нябожыя” сектары. Выйграюць змаганне за сваё шчасце тыя, хто давярае Езусу ва ўсім і нічога ад Яго не хавае. Варта нам асабліва цяпер, перажываючы Год веры, задумацца над тым, ці ва ўсе сферы свайго жыцця мы запрасілі Пана Бога? Калі так, то можам быць упэўненыя ў Яго нястомнай дапамозе.

Кс. Андрэй Рылка








All the contents on this site are copyrighted ©.