2013-11-05 14:56:46

Апублікаваны падрыхтоўчы дакумент Сінода Біскупаў аб сям’і


RealAudioMP3 5 лістапада 2013 г. Зала Друку Апостальскай Сталіцы апублікавала падрыхтоўчы дакумент будучага надзвычайнага Сінода Біскупаў, які пройдзе ў кастрычніку 2014 г. у Ватыкане на тэму “Душпастырскія выклікі, звязаныя з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі”. Дакумент складаецца з трох частак: першая тычыцца мэтаў Сінода, другая – навучання Каталіцкага Касцёла аб сям’і, а трэццяя ўтрымлівае анкету з пытаннямі самага рознага кшталту, якія маюць на мэце “дапамагчы мясцовым Касцёлам актыўна ўдзельнічаць у надзвычайным Сінодзе”. Адзначаецца, што сацыяльны і духоўны крызіс стаў “душпастырскім выклікам”, які патрабуе актывізацыі “евангелізацыйнай місіі Касцёла для сям’і”. Гаворка ідзе пра грамадзянскія саюзы, якія часта выключаюць ідэю сужэнства; саюзы паміж асобамі аднаго полу і іх імкненне да ўсынаўлення дзяцей; змешаныя сужэнствы паміж прадстаўнікамі розных веравызнанняў; палігамію; варожы да Касцёла фемінізм; негатыўны ўплыў СМІ на сям’ю і многія іншыя. У такім кантэксце адзначаецца, што разважанне Сінода Біскупаў на гэтыя тэмы з’яўляецца неабходным і тэрміновым.

39 пытанняў анкеты, уключанай у дакумент, звязаны з душпастырствам сем’яў, знаёмствам з каталіцкім навучаннем аб сям’і, прыродай сужэнства і навучаннем веры. Акрамя таго, тут ёсць пытанні аб адносінах да кантрацэпцыі, штучнага апладнення, грамадзянскіх шлюбаў, гомасексальных саюзаў, разводаў, камуніі для разведзеных і заключыўшых новыя саюзы асоб, да прызнання несапраўднасці сужэнства, сем’яў з адным з бацькоў і змешаных сужэнстваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.