2013-11-04 12:30:59

Кардынал Філоні закончыў візіт у Пакістан


RealAudioMP3 Католікі ў Пакістане з’яўляюцца меншасцю, але значнай і вельмі актыўнай, адзначыў кардынал Фернанда Філоні, прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. З 31 кастрычніка па 2 лістапада 2013 г. пурпурат знаходзіўся з візітам у гэтай азіяцкай краіне, падчас якога сустрэўся з членамі мясцовага епіскапата і каталіцкай супольнасцю, а таксама ўдзяліў біскупскае пасвячэнне. На думку кардынала Філоні, Касцёл у Пакістане актыўна развіваецца ў двух накірунках: першы – унутраты, тычыцца паглыблення веры, душпастырскай дзейнасці і працы ў сацыяльнай і адукацыйнай сферах, а другі – знешні, звязаны з кантактамі са штодзённай рэальнасцю краіны, асаблівым чынам з ісламам.

“Існуе добрае разуменне з мясцовымі некаталіцкімі супольнасцямі, з пункту гледжання братэрскай дапамогі ў пераадоленні праблем, якія тычацца суіснавання паміж хрысціянствам і ісламам. Касцёл, тут вельмі актыўны, вельмі жывы. Касцёл, які, аднак, жыве ў небяспечнай рэальнасці”, - падкрэсліў іерарх у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Кардынал Філоні адзначыў, што нягледзячы на цяжкія для меньшасцяў умовы, многія пакістанскія хрысціяне разумеюць сваю прысутнасць у краіне, як дзейнасць Божага Провіду і таму не жадаюць уцякаць адсюль. Пурпурат падкрэсліў, што мясцовы Касцёл патрабуе падтрымкі і салідарнасці.

Паводле ватыканскага іерарха, дзейнасць Касцёла высока цэніцца ў Пакістане, асабліва ў адукацыйнай і сацыяльнай сферах. “Таксама і сёння, нашы школы з’яўляюцца не толькі школамі для хрысціян, але школамі дзе хрысціяне прысутныя. Дзеці, моладзь, вучацца побач са сваімі сябрамі мусульманамі, якіх большасць у школах”, - расказаў пурпурат. Ён адзначыў, што ў Пакістане дзейнічае каля 560 каталіцкіх школ і 130 дабрачынных устаноў.








All the contents on this site are copyrighted ©.