2013-11-02 11:59:54

Францішак сустрэўся з удзельнікамі канферэнцыі на тэму сучаснага рабства


RealAudioMP3 Папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі канферэнцыі на тэму “Гандаль людзьмі – сучаснае рабства”, якая 2-3 лістапада 2013 г. праходзіць у Ватыкане. Арганізатарамі форума з’яўляюцца Папская акадэмія сацыяльных навук і Сусветная федэрацыя каталіцкіх медыцынскіх асацыяцый. Яго ўдзельнікі абмяркоўваюць актуальную сітуацыю, звязаную з феноменам сучаснага рабства і спосабы барацьбы з ім. Ініцыятыва правядзення канферэнцыі належыць самаму папе Францішку, прызнаўся ў размове з Ватыканскім радыё адзін з арганізатараў мерапрыемства, канцлер Папскай акадэміі сацыяльных навук, біскуп Марсэла Санчэс Саронда. Паводле аргентынскага іерарха, Святы Айцец мае глыбокія веды па гэтай праблеме. “Хутка пасля абрання Папа прыняў нас, членаў Папскай акадэміі навук. У падзячным лісце, які быў адпраўлены пасля сустрэчы, канцлеры спыталі, ці не жадае ён, каб мы заняліся нечым асаблівым. Ён неадкладна адказаў: “Марсэла, я хачу каб вы вывучылі праблему новых форм рабства і гандлю людзьмі, уключаючы праблему продажу чалавечых органаў”. Так акадэмія пачала працаваць. Мы ўбачылі, што было неабходна далучыць да гэтага таксама ўрачоў і паклікалі каталіцкіх медыкаў”, - расказаў іерарх.

Біскуп Саронда адзначыў, што ў рамках канферэнцыі даследчыкі жадаюць пазнаёміцца з феноменам сучаснага рабства і вылучыць канкрэтныя накірункі для барацьбы з ім, як для Паўсюднага Касцёла, так і для Біскупскіх Канферэнцый.

Гаворачы пра актуальнасць праблемы, канцлер Папскай акадэміі звярнуў увагу на тое, што у многіх краінах дзейнічаюць падвойныя стандарты: з аднаго боку гаворыцца пра правы чалавека, а з іншага, не надаецца належнай увагі праблеме рабства і гандлю людзьмі. Напрыклад, існуюць краіны, дзе прастытуцыя прызнаецца працай, што спрыяе стварэнню сапраўднага рынку рабоў. Паводле біскупа Саронда, падобная “жудасная сітуацыя” склалася ў Германіі і некаторых паўночных краінах. “З аднаго боку дзяржава кажа, што трэба ўмяшацца, а з іншага зарабляе на гэтым”, - адзначыў іерарх.

Іерарх падкрэсліў, што лістападаўская канферэнцыя з’яўляецца толькі “першым крокам”, пасля яе будуць зроблены іншыя, каб адказаць на жаданне Папы супрацьстаяць феномену сучаснага рабства.








All the contents on this site are copyrighted ©.