Святы Айцец памоліцца каля магіл сваіх папярэднікаў
Папа Францішак памоліцца
каля магіл сваіх папярэднікаў на Пасадзе св. Пятра. 2 лістапада 2013 г., ва Успамін
усіх памерлых вернікаў, Святы Айцец у прыватнай форме наведае гроты ватыканскай базылікі,
дзе пахаваны некаторыя Папы. За час свайго пантыфікату Францішак прыбудзе ў гэта месца
ўжо ў другі раз. Ён быў у ватыканскім некропалі 1 красавіка 2013 г., хутка пасля абрання.
Тады Францішак ушанаваў Пантыфікаў мінулага стагоддзя, пахаваных тут: Бэнэдыкта XV,
Пія ХІ, Пія ХІІ, Паўла VI і Яна Паўла І. Той візіт закончыўся малітвай каля магілы
св. Пятра. 3 красавіка 2013 г. Папа маліўся каля магіл бл. Яна Паўла ІІ і бл. Яна
ХХІІІ у базыліцы св. Пятра, а некалькі дзён таму, 31 кастрычніка, цэлебраваў у капліцы
св. Себасцьяна, дзе змешчана труна з целам Яна Паўла ІІ, св. Імшу. У гротах ватыканскай
базылікі пахаваны 21 пантыфік, сярод якіх: папа Грыгорый V, які жыў напрыканцы Х ст.,
і Адрыян IV – адзіны ў гісторыі Папа англічанін. Акрамя таго, тут знаходзяцца магілы
некаторых свецкіх манархаў, напрыклад, імператара Атона ІІ і каралевы Крысціны Шведскай.
Некропаль уяўляе сабой вялікі манументальны комплекс, упрыгожаны элементамі са старажытнай
базылікі св. Пятра, якая была ўзведзена яшчэ ў эпоху імператара Канстанціна.