2013-11-02 10:43:19

Ватыканскі кардынал сустрэўся з Патрыярхам Рускай Праваслаўнай Царквы


RealAudioMP3 1 лістападзе 2013 г. у Маскве адбылася сустрэча Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла са старшынёй на пенсіі Папскай рады па культуры кардыналам Полем Пупарам. Раней у гэты дзень ватыканскі іерарх прымаў удзел у расійска-італьянскім сімпозіуме па эканамічнай этыцы, прысвечаным тэме “Карпаратыўная сацыяльная адказнасць у сферы адукацыі”. Кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы падкрэсліў важнасць закранутай на сімпозіуме тэмы, адзначыўшы таксама, што ў цяперашні час у Рускай Праваслаўнай Царкве адукацыйным пытанням надаецца асаблівая ўвага. Гэта выклікана, у прыватнасці, тым, што хуткія эканамічныя, сацыяльныя і палітычныя змены ў Расіі, у Еўропе і ў свеце паставілі перад Царквой задачу рэфармавання ўсёй сістэмы багаслоўскай адукацыі. Патрыярх Кірыл адзначыў, што галоўнай праблемай і галоўным выклікам з’яўляюцца пытанні пастырскага характару, якія грамадства і індывіды звяртаюць сёння ў адрас Царквы, перадае прэс-служба Патрыярха Маскоўскага.

У сваю чаргу кардынал Поль Пупар адзначыў, што Касцёл, звяртаючыся да сферы адукацыі і прадпрымальніцтва стараецца, у першую чаргу, дапамагчы самому грамадству ў яго правільным развіцці. Бізнесу неабходна памятаць, што акрамя прыбытку існуюць яшчэ такія паняцці, як адказнасць і справядлівасць. Толькі тады, калі ўсе грамадскія сілы, у тым ліку і ў сферы эканомікі, будуць адказна ажыццяўляць сваю дзейнасць у імя справядлівасці, грамадства сапраўды зможа паспяхова развівацца, лічыць ватыканскі кардынал.

Іерархі пагадзіліся, што адстойванне этычных прынцыпаў у сацыяльна-эканамічнай сферы з’яўляецца плённай тэмай для шырокага супрацоўніцтва паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам.







All the contents on this site are copyrighted ©.