2013-11-01 16:55:34

Папа: урачыстасць Усіх Святых прымушае нас задумацца над нашай будучыняй


RealAudioMP3 Святыя – гэта людзі якія цалкам прыналежаць Богу, з’яўляюцца Яго вобразам і прыкладам для кожнага з нас, сказаў папа Францішак падчас Эўхарыстыі, якую целебраваў 1 лістапада 2013 г. ва ўрачыстасць Усіх Святых. Літургія адбылася каля ўваходу на манументальныя рымскія могілкі “Кампа Верана” – старажытны некропаль, узведзены на пачатку ХІХ ст. У сваёй гаміліі Пантыфік адзначыў, што святыя – гэта асобы, якія з’яўляюцца “уласнасцю” Бога – яны Яму належаць цалкам і выключна. Ён падкрэсліў, што ўрачыстасць Усіх Святых – гэта адмысловы дзень, які прымушае кожнага задумацца над сваёй будучыняй. Прычым, рабіць гэта з надзеяй, крыніца якой знаходзіцца ў Богу, Які ніколі не падманвае надзеі чалавека. Першыя хрысціяне лічылі сімвалам надзеі якар, нагадаў Папа. Ён запрасіў кожнага падумаць аб сваім сэрцы і імкнуцца, каб яно заўсёды кідала якар у прыстані Бога.

Урачыстасць Усіх Святых і дзень Упаміну ўсіх памерлых вернікаў – гэта дні надзеі і радасці, адзначыў Папа. Але гэта таксама час, калі кожны павінен падумаць аб “закаце” свайго жыцця і спытаць сябе: ці я гляджу на яго з надзеяй. “Усе мы можам трапіць у Неба”, - сказаў Святы Айцец і заклікаў жыць штодня радасным спакоем, паходзячым ад Бога.







All the contents on this site are copyrighted ©.