2013-11-01 14:01:56

Пантыфік перад “Анёл Панскі”: святыя – не нейкія супер-людзі (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Святыя – гэта не супер-людзі. Яны жылі нармальным жыццём, але пазнаўшы любоў Бога, пайшлі за Ім усім сэрцам. Святыя адказваюць на зло не нянавісцю, а дабром. Гэта асобы, якія нясуць прымірэнне паміж людзьмі, радасць і спакой. Гэта падкрэсліў папа Францішак, звяртаючыся да вернікаў, сабраных 1 лістапада 2013 г. на галоўнай ватыканскай плошчы, ва ўрачыстасць Усіх Святых, на малітву “Анёл Панскі”. Пантыфік растлумачыў, кім з’яўляюцца святыя і заклікаў вернікаў наследаваць іх прыклад. “Дарагія браты і сёстры, - прывітаў сабраных Папа - урачыстасць Усіх Святых, якую адзначаем сёння, нагадвае нам, што мэтай нашага існавання з’яўляецца не смерць, а Неба! Аб гэтым піша апостал Ян: “Яшчэ не адкрылася, чым будзем. Ведаем, што, калі адкрыецца, мы будзем падобныя да Яго, таму што ўбачым Яго такім, якім Ён
ёсць” (1 Ян 3,2). Святыя, сябры Бога, запэўніваюць нас, што гэта абяцанне нас не расчаруе. У сваім зямным існаванні яны жылі глыбокім адзінствам з Богам. У абліччах самых малых і пагарджаных братоў яны бачылі аблічча Бога і зараз сузіраюць Яго тварам у твар у Яго хвале.

Святыя – гэта не супер-людзі, яны не нарадзіліся дасканалымі. Яны такія, як мы, як кожны з нас. Гэта асобы, якія, перш чым дасягнуць нябеснай хвалы, жылі звычайным жыццём, радасцямі і цярпеннямі, цяжкасцямі і надзеямі. Але што змяніла іх жыццё? Калі пазналі любоў Бога, пайшлі за Ім з усім сэрцам, без умоваў і крывадушша, правялі сваё жыццё служачы іншым, пераносілі пакуты і варожасць не напаўняючыся нянавісцю, але адказваючы на зло дабро, распаўсюджваючы радасць і спакой. Такім з’яўляецца жыццё святых: гэта асобы, якія дзеля любові да Бога не ставілі Яму умоваў, не былі крывадушнымі; яны правялі сваё жыццё служачы іншым – служыць іншым – і часта пакутавалі ад варожасці, але не ненавідзелі. Святыя ніколі не мелі нянавісці. Таму што – зразумейце добра гэта – любоў ад Бога, а нянавісць ад каго паходзіць? Ці паходзіць нянавісць ад Бога? Не, яна паходзіць ад сатаны! А святыя аддаляліся ад сатаны. Святыя, гэта людзі, якія маюць сардэчную радасць і перадаюць яе іншым. Ніколі не ненавідзець, служыць іншым, самым патрабуючым, маліцца і радавацца – гэта шлях святасці.

Быць святымі – гэта не прывілей некаторых, як быццам бы хто атрымаў вялікую спадчыну. Усе мы атрымалі ў спадчыну магчымасць стаць святымі праз хрост. Гэта пакліканне. Таму ўсе пакліканы крочыць па шляху святасці, а гэты шлях мае імя. Шлях, які вядзе да святасці мае імя, аблічча – аблічча Езуса Хрыста. Ён вучыць нас станавіцца святымі – Езус Хрыстус. Ён у Евангеллі паказвае дарогу – дарогу бласлаўленняў (пар Мц 5,1-12). Валадарства нябеснае, для тых, хто пакладае сваю надзею не на рэчах, але на любові Божай; для тых, якія маюць простыя, пакорныя сэрцы, не бяруцца лічыць сябе справядлівымі і не асуджаюць іншых; здольныя пакутаваць з тымі, хто пакутуе, і радавацца з тымі, хто радуецца; не гвалтоўныя, але міласэрныя і спрабуючыя быць будаўнікамі прымірэння і спакою. Гэта апошняе! Святы, святая – гэта будаўнікі прымірэння і спакою. Яны заўсёды дапамагаюць прымірыць людзей, дапамагаюць наступленню міра. Такая яна цудоўная – святасць. Гэта цудоўны шлях.

Сёння, праз гэту ўрачыстасць, святыя даюць нам пасланнне, кажуць нам: давярайце Пану, таму што Пан не расчаруе. Пан не расчароўвае ніколі! Ён добры сябар, заўсёды побач з намі. Не расчароўвае ніколі! Сваім сведчаннем святыя нас натхняюць не баяцца ісці супраць плыні ці быць незразуметымі і высмеянымі, калі кажам аб Ім і Еванеллі; яны паказваюць сваім жыццём, што тыя, хто застаецца верным Богу і Яго Слову, ужо на гэтай зямлі адчуваюць суцяшэнне Яго любові, а затым, “у сто разоў больш”, у вечнасці. Гэта тое, на што спадзяемся і просім Пана для нашых памерлых братоў і сясцёр. Касцёл мудра ўстанавіў урачыстасці Усіх Святых і Успамін усіх памерлых вернікаў адно за другім.

З нашай малітвай праслаўлення Бога і шанаваннем благаслаўлёных душаў спалаучана малітва аб спакоі тых, якія папярэднічалі нам у пераходзе з гэтага свету да вечнага жыцця. Даверым нашу малітву заступніцтву Марыі, Каралевы Усіх Святых”, - сказаў Папа.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” папа Францішак прывітаў сем’і, парафільныя групы і членаў асацыяцый, якія сабраліся на плошчы св. Пятра. Асаблівыя словы Пантыфік скіраваў да ўдзельнікаў “Бегу святых” – шматтысячнага спартыўнага мерапрыемства, прымеркаванага да ўрачыстасці Усіх Святых, якое прайшло 1 лістапада ў Рыме.








All the contents on this site are copyrighted ©.