2013-11-01 11:29:55

Ватыканскі іерарх пра “пратэстантызацыю” вобразу святарства ў Касцёле


RealAudioMP3 Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер, паскардзіўся на “пратэстантызацыю” вобразу святарства ў Каталіцкім Касцёле. Сёння многія католікі часта не ведаюць, што існуе “значная розніца” паміж асобай, прыняўшай святарскае пасвячэнне, і іншымі вернікамі, якія прымаюць удзел у паўсюдным святарстве. Гэта розніца сціраецца ў пратэстантызме, гаворыцца ў артыкуле ватыканскага іерарха у газеце “L’Osservatore Romano”.

Прычын цяперашняга крызісу святарства, на думку арцыбіскупа Мюлера, трэба шукаць у адкрыцці каталіцкага асяроддзя на вынікі пратэстанцкай біблістыкі 1950-60-х гадоў. Прадузятасць, змешчаную ў яе высновах, часта вельмі складана распазнаць, лічыць іерарх. Такім чынам, радыкальная крытыка культу і святарскага пасярэдніцтва ўварвалася ў каталіцкую прастору. Акрамя таго, пратэстанцкай тэалогіяй былі аспрэчаны біблійныя падставы святарства.

Нагодай да разважанняў прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння стала прэзентацыя дванаццатага тому поўнага збору твораў Ёзэфа Ратцынгера-Бэнэдыкта XVI на італьянскай мове.

Крытыка абавязковага цэлібату ў Каталіцкім Касцёле, на думку арцыбіскупа Мюлера, гэта вынік недастатковага разумення таямніцы. Без тэалагічнага фундаменту святарскі цэлібат не будзе больш разумецца як “эсхаталагічная прыкмета будучага Божага Валадарства”. Ён стане “рэліктам варожага стаўлення да цела”, які будзе разглядацца ў якасці адной з асноўных прычын недахопу святароў.

Яшчэ адной прычынай крызісу святарства ў заходнім свеце ў апошнія дзесяцігоддзі, паводле арцыбіскупа Мюлер, можа лічыцца “радыкальная дэзарыентацыя хрысціянскай тоеснасці”. Гэта, на яго думку, вынік сучаснай філасофіі, якая не мае больш перад сабой ніякага “трансцэндэнтнага гарызонту”.







All the contents on this site are copyrighted ©.