2013-10-31 11:15:56

Святы Айцец наведае старажытныя рымскія могілкі


RealAudioMP3 1 лістапада 2013 г. папа Францішак наведае рымскія манументальныя могілкі “Кампа Верана”. Ва ўрачыстасць Усіх Святых ён узначаліць св. Імшу ля ўваходу на некропаль. Пасля яе заканчэння Пантыфік правядзе малітву за памерлых і благаславіць некалькі магіл. Канцэлебраваць св. Імшу будзе сярод іншых кардынал Агасціна Валіні, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі. Візіт папы Францішка супадзе з 20-й гадавінай апошняга наведання могілак “Кампа Верана” Пантыфікам, якое здзейніў 1 лістапада 1993 г. Ян Павел II. Бэнэдыкт XVI падчас свайго пантыфікату не наведваў саміх могілках, аднак, у 2008 г. ён цэлебраваў св. Імшу ў размешчанай побач базыліцы св. Лаўрэна за Мурамі.

Могілкі “Кампа Верана” (па-італьянску Cimitero del Verano) былі заснаваны ў 1808-1814 гг. падчас французскай акупацыі Рыма. Тут пахаваны шматлікія грамадскія, палітычныя і касцёльныя дзеячы. На гэтых могілках спачывае в’етнамскі кардынал Франсуа Ксав’е Нгуэн Ван Туан, які да сваёй смерці ў 2002 г. быў старшынёй Папскай рады “Iustitia et Pax”, а раней правёў 13 гадоў як вязень сумлення ў в’етнамскіх турмах; зараз ідзе яго беатыфікацыйны працэс. Тут пахаваны таксама знакаміты каталіцкі тэолаг Эрык Петэрсан, канвертыт з пратэстантызму, гарачы праціўнік нацызму.







All the contents on this site are copyrighted ©.