2013-10-31 09:58:08

Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі: Езус пакутуе, калі Яго любоў не прымаюць


RealAudioMP3 Папа Францішак узначаліў 31 кастрычніка 2013 г. св. Імшу ў капліцы св. Себасцьяна ў ватыканскай базыліцы, у алтары якой захоўваецца труна з целам бл. Яна Паўла ІІ. Кожны чацвер раніцай там адбываецца Эўхарыстыя, на якой збіраюцца ў асноўным пілігрымы з Польшчы. Пантыфік засяродзіўся на гісторыі жыцця св. Паўла і яго радыкальнай прывязанасці да Хрыста. “Ніхто не зможа адлучыць нас ад любові Божай”, - напісаў апостал у сваім Лісце да Рымлянаў. Ён любіў Езуса, таму што Пан змяніў яго жыццё, адзначыў Пантыфік і дадаў, што Хрыстус стаў цэнтрам жыцця Паўла. Гэтай любові не зразумеў Ерузалем, сказаў Папа, і менавіта гэта выклікала смутак Хрыста. Божая любоў – гэта не абстакцыя, падкрэсліў ён. Езус пакутуе, калі Яго любоў не прымаюць. Антыподам Ерузалема з’яўляецца св. Павел, які “адчуваў сябе грэшнікам, але чэрпаў сілу з любові да Бога, са сваёй сустрэчы з Езусам Хрыстом”.

Францішак заклікаў прымаць любоў Хрыста не напалову, але цалкам, да канца, з мужнасцю. “Давайце паглядзім на Паўла з яго мужнасцю, што зыходзіць ад гэтай любові, і паглядзім на Езуса, Які плача над горадам, няверным Яму”, - запрасіў Папа. На яго думку, кожны хрысціянін павінен запытаць сябе: па чый бок ён знаходзіцца – Паўла ці Ерузалема, “мая любоў да Бога настолькі моцная, як у Паўла або маё сэрца проста цёплае, як у Ерузалема?”. “Пан, праз заступніцтва бл. Яна Паўла II, дапаможа нам адказаць на гэта пытанне”, - сказаў у завяршэнне сваёй гаміліі папа Францішак.







All the contents on this site are copyrighted ©.