2013-10-30 11:01:14

Адносіны паміж Езусам і Айцом – “матрыца” адносін паміж хрысціянамі


RealAudioMP3 30 кастрычніка 2013 г. папа Францішак прысвяціў сваю катэхезу еднасці святых – адной з самых суцяшаючых рэальнасцяў каталіцкай веры, якая нагадвае, што мы ніколі не застаемся ў адзіноце, таму што існуе жыццёвае адзінства паміж усімі, хто прыналежыць да Хрыста. Напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых і Успаміну усіх памерлых вернікаў, якія будуць адзначацца ў Каталіцкім Касцёле 1 і 2 лістапада, Папа адзначыў, што паняцце “святы” тычыцца, тых, хто верыць у Езуса і злучаны з Ім у Касцёле праз сакрамэнт хросту. Францішак нагадаў, што Езус, напярэдадні сваёй мукі, прасіў Айца аб еднасці паміж вучнямі: “Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне” (Ян 17,21). Паводле, Папы, “Касцёл, у сваёй самай глыбокай рэальнасці, гэта еднасць з Богам, еднасць любові з Хрыстом і Айцом у Святым Духу, якая мае свой працяг у братэрскай еднасці”.

“Гэтыя адносіны паміж Езусам і Айцом з’яўляюцца “матрыцай” сувязі паміж намі, хрысціянамі. Калі мы глыбока ўключаны ў гэту “матрыцу”, у гэту палаючую печ любові, тады можам жыць па-сапраўднаму адным сэрцам і адной душой паміж сабой, бо любоў Божая спальвае наш эгаізм, прадузятасць, унутраныя і знешнія падзелы. Любоў Божая спальвае таксама нашы грахі”, - сказаў Пантыфік.

На думку папы Францішка, менавіта досвед братэрскай еднасці вядзе да адзінтсва з Богам. Наша вера мае патрэбу ў падтрымцы з боку іншых, асабліва ў цяжкія моманты. “Як цудоўна падтрымліваць адно аднаго ў гэтай захапляльнай прыгодзе, якой з’яўляецца вера!”, - сказаў Пантыфік.

“Я кажу пра гэта таму, што тэндэнцыя закрывацца ў асабістым паўплывала таксама на рэлігійную сферу, і такім чынам часта становіцца складана прасіць духоўнай дапамогі ў тых, хто паздзяляе з намі хрысціянскі досвед. Хто з нас не перажываў няўпэўненасці, разгубленасці і нават сумніваў на шляху веры? Мы ўсе іх перажывалі, таксама і я (...). Усё гэта нас не павінна здзіўляць, таму што мы людзі, пазначаныя слабасцю і абмежаваннямі (...). Аднак, у гэтыя цяжкія моманты неабходна давяраць Божай дапамозе, праз сыноўнюю малітву, і, у той жа час, важна знаходзіць адвагу і пакору, каб адкрыцца іншым (...). У еднасці святых мы ўсе з’яўляемся адной вялікай сям’ёй, у якой усе члены ўзаемна дапамагаюць і падтрымліваюць адно аднаго”, - сказаў Папа.

Францішак звярнуў увагу яшчэ на адзін аспект – еднасць святых сягае па-за зямное жыццё і смерць і трывае вечна. Духоўная еднасць, паводле Папы, дзякуючы ўваскрасенню Хрыста, знаходзіць сваё спаўненне ў вечным жыцці.

“Існуе глыбокая і непарыўная связь паміж тымі, хто яшчэ з’яўляецца пілігрымамі ў гэтым свеце – паміж намі – і тымі, хто пераступіў парог смерці, каб увайсці ў вечнасць. Усе ахрышчаныя, якія яшчэ на зямлі, душы, якія ў Чысцы, і ўсе благаслаўлёныя, якія ўжо на Небе, складаюць адзіную сям’ю. Гэта еднасць паміж зямлёй і небам асабліва рэалізуецца ў заступніцкай малітве”, - сказаў Папа.

Традыцыйна, звяртаючыся да хворых, моладзі і пар, якія нядаўна злучыліся праз сакрамэнт сужэнства, Папа пажадаў, каб сведчанне веры святых, умацавала ў іх перакананне, што Бог заўсёды суправаджае кожнага на жыццёвым шляху, падтрымлівае ў штодзённых цярпеннях і дапамагае будаваць сям’ю на веры.








All the contents on this site are copyrighted ©.