2013-10-29 11:25:58

Член Рады кардыналаў: магчыма павышэнне статусу дыкастэрыі па справах свецкіх


RealAudioMP3 Кардынал Оскар Андрэс Радрыгес Марадзьяга, каардынатар Рады кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, вярнуўся да тэмы рэформы Рымскай курыі. Падчас візіту ў іспанскі Лагроньё арцыбіскуп Тэгусігальпу патлумачыў, што адбудзецца “рэадаптацыя” яе органаў, паведамляе “Vatican Insider”. Дыкастэрыя па справах свецкіх мае статус усяго толькі папскай рады, звярнуў увагу кардынал, “у той жа час існуюць Кангрэгацыі па справах біскупаў, па справах духавенства, па справах манаскіх супольнасцяў, па справах жа свецкіх – няма, а іх найбольш”.

Папа Францішак неаднаразова гаварыў пра “недаацэненасць” свецкіх вернікаў у Касцёле. Падчас сустрэчы з каардынацыйным камітэтам Рады епіскапатаў Лацінскай Амерыкі (CELAM) у Рыа-дэ-Жанейра 28 ліпеня 2013 г. Пантыфік спытаў біскупаў, на колькі цэняцца свецкія вернікі ў Касцёле, “ці на самой справе ім давяраецца місійная дзейнасць”, ці іерархі і святары “падтрымліваюць і суправаджаюць іх”, не паддаючыся спакусам маніпулявання імі і патрабавання празмернага падпарадкавання з іх боку? Ён падкрэсліў тады, што ў першую чаргу місія Касцёла павінна разумецца як служэнне Божаму народу, а не як упраўленне арганізацыяй, і перасцярог ад фундаментальных памылак іерархічнага Касцёла, сярод якіх – клерыкалізм, што, на думку Папы, сведчыць аб недахопе сталасці і свабоды з боку духавенства.

Трэба адзначыць, што кіраўніцтву Папскай рады па справах свецкіх Францішак даручыў выконваць свае абавязкі да канца бягучага пяцігадовага тэрміну, які заканчваецца 31 снежня 2013 г.

Першае пасяджэнне Рады кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам праходзіла 1-3 кастрычніка 2013 г. у Ватыкане. Пасля яго заканчэння прадстаўнік Святога Пасаду кс. Фэдэрыка Ламбардзі паведаміў, што вынікам працы Рады павінна быць паўстанне цалкам новага дакументу, які будзе рэгуляваць дзейнасць Рымскай курыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.