2013-10-29 12:08:07

Пантыфік заклікаў не блытаць хрысціянскую надзею з аптымізмам


RealAudioMP3 Надзея – гэта не аптымізм, але “вострае чаканне” аб’яўлення Сына Божага, адзначыў Францішак. Ён дадаў, што хрысціяне павінны сцерагчыся клерыкалізму і зручных адносін, таму што хрысціянская надзея з’яўляецца дынамічнай і жыватворнай. Да разважанняў на гэту тэму падчас ранішняй св. Імшы 29 кастрычніка 2013 г. Пантыфіка натхнілі словы св. Паўла. Ён заклікаў не блытаць “людзей надзеі” з аптымістамі. Надзея – гэта не проста здольнасць глядзець на рэчы з добрым настроем і рухацца далей, гэта не проста станоўчае стаўленне да рэчаў, падкрэсліў Папа. Ён назваў надзею “самай сціплай з трох цнотаў”, бо “яна схавана ў жыцці”. Акрамя таго, “надзея – гэта рызыка”, “гэта рызыкоўная цнота”, звярнуў увагу Святы Айцец. Францішак параўнаў надзею з якарам, закінутым у бок вечнага жыцця. “Дзе мы кінулі свой якар, куды кожны з нас кінуў яго? Мы кінулі якар далёка ў акіяне, ці ў штучнай лагуне, якую стварылі самі, з нашымі правіламі, нашымі паводзінамі, нашым часам, нашым клерыкалізмам, нашымі каля-касцёльнымі, а не касцёльнымі, адносінамі? (...) Дзе ўсё зручна, усё бяспечна?”, - запытаў Папа і дадаў, што “штучная лагуна, з бездакорнымі паводзінамі” – “гэта не надзея”.

Пантыфік заклікаў сабраных у капліцы ватыканскага Дома св. Марты жыць у чаканні аб’яўлення і пры гэтым не забывацца пра Божыя запаведзі. Ён прывёў прыклад Марыі, якая пачуўшы, што стане “мамай” змяніла сваё стаўленне. “Калі жанчына становіцца цяжарнай, становіцца не проста жанчынай, але і маці. І надзея – гэта нешта накшталт гэтага. Мы змяняем стаўленне: гэта мы, але ўжо не мы”, - адзначыў Францішак.

Пантыфік завяршыў свае разважанні зваротам да прысутных на св. Імшы мексіканскіх святароў, якія адзначаюць 25-ю гадавіну сваіх пасвячэнняў: “Спытайце Марыю, Маці надзеі, ці гэтыя гады былі гадамі надзеі; ці вы жылі як святары надзеі, дзяліліся надзеяй?”.







All the contents on this site are copyrighted ©.