Святы Пасад павіншаў індуістаў з іх галоўным святам
28 кастрычніка 2013
г. Папская рада па міжрэлігійным дыялогу накіравала віншавальнае пасланне вызнаўцам
індуізму ва ўсім свеце з нагоды свята Дзіпавалі, якое будзе адзначацца 3 лістапада.
“Дзіпавалі” – даслоўна азначае “шлях святла”, а падчас яго святкавання запальваюцца
традыцыйныя агні, якія сімвалізуюць перамогу святла над цемрай. У сувязі з гэтым,
у пасланні ўтрымліваецца пажаданне, каб “Бог – крыніца кожнага святла і жыцця”, асвяціў
жыццё і ўмацаваў “радасць і супакой” вызнаўцаў індуізму. Ватыканская дыкастэрыя прапануе
паразважаць над тым, “як хрысціяне і індуісты, праз сяброўства і салідарнасць, могуць
спрыяць чалавечым адносінам”. Адзначаецца, што “адносіны з’яўляюцца фундаментальнымі
для чалавечага існавання”, а бяспека і мір галоўным чынам “абумоўлены якасцю ўзаемадзеяння
паміж людзьмі”.
У пасланні падкрэсліваецца, што ў свеце пашыраецца пагарда
да духоўных і рэлігійных каштоўнасцяў, чалавек пераўтвараецца з “некага” у “нешта”,
а індывідуалістычныя тэндэнцыі спрыяюць з’яўленню феномена, які папа Францішак называе
“культурай выключэння”, “культурай адходаў” і “глабалізацыяй абыякавасці”.
Перад
абліччам такой сітуацыі Святы Пасад перакананы, што неабходна супольна спрыяць “культуры
адносін” і “культуры салідарнасці”, якая “заключаецца ў тым, каб бачыць ў іншым не
канкурэнта ці лічбу, але брата”.
“Індуісты і хрысціяне, мы можам дзейнічаць
індывідуальна і супольна, разам з іншымі рэлігійнымі традыцыямі і людзьмі добрай волі,
каб падтрымліваць і ўмацоўваць чалавечую сям’ю праз сяброўства і салідарнасць”, -
гаворыцца ў пасланні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.