2013-10-27 12:09:35

Францішак: хрысціянская сям’я моліцца, захоўвае веру і жыве радасцю


RealAudioMP3 Хрысціянская сям’я моліцца, захоўвае веру і жыве радасцю. Такімі, на думку Святога Айца, з’яўляюцца яе фундаментальныя характарыстыкі. Аб гэтым Папа сказаў падчас Эўхарыстыі на плошчы св. Пятра 27 кастрычніка 2013 г. Францішак цэлебраваў яе ў прысутнасці больш чым 100 тыс. пілігрымаў з розных краін свету – удзельнікаў Дня сем’яў, які праходзіць у Ватыкане па ініцыятыве Папскай рады па справах сям’і. Між іншых, у св. Імшы прыняла ўдзел група пілігрымаў з Беларусі. Яны прыбылі ў Рым з Пінскай дыяцэзіі ў суправаджэнні кс. Пятра Бялевіча. Звяртаючыся да сабраных на ватыканскай плошчы, Папа падкрэсліў важнасць шчырай супольнай малітвы для сям’і. “Але многія мне кажуць: як гэта робіцца? Таму што здаецца, што малітва, гэта справа асабістая і потым, ніколі не маем адпаведнага і спакойнага моманту. Так, гэта праўда, але гэта таксама пытанне пакоры, прызнання патрэбы ў Богу (...). Усе сем’і маюць патрэбу ў Богу (...) Неабходна прастата! (...) Маліцца разам “Ойча наш” за сталом – гэта не штосьці незвычайнае, але простае. Маліцца разам на ружанцы, у сям’і – гэта цудоўна, гэта дае вялікую сілу! І маліцеся адно за аднаго! Муж за жонку, жонка за мужа ... ”, - сказаў Францішак.

Іншая характарыстыка хрысціянскай сям’і, паводле Папы, тычыцца здольнасці захавання веры. Францішак адзначыў, што “захоўваць” не азначае трымаць яе ў крэпасці ці закапваць у зямлю, як рабіў лянівы слуга. На думку Святога Айца, захоўваць веру азначае абвяшчаць яе па прыкладзе св. Паўла.

“Ён захаваў веру, таму што не абмяжоўваўся толькі яе абаронай, але абвяшчаў, выпраменьваў яе і нёс далёка. Ён рашуча супрацьстаяў тым, хто хацелі захаваць, “забальзаміраваць” пасланне Хрыста ў межах Палестыны. Для гэтага, ён рабіў мужныя выбары, ішоў на варожыя тэрыторыі, дазваляў правакаваць сябе людзям далёкім, з іншых культур, прамаўляў адкрыта і без страху. Св. Павел захаваў веру, таму што, як яе атрымаў, дарыў, імкнучыся на перыферыі і не займаючы абарончай пазіцыі”, - сказаў Пантыфік.

Паводле Папы, хрысціянская сям’я павінна быць місійнай, але спаўняць сваю місію сярод штодзённых спраў, “прыносячы ва ўсё соль і зачын веры”.

Апошняй характарыстыкай хрысціянскай сям’і, на яго думку, з’яўляецца здольнасць жыць радасцю веры. “Сапраўдная радасць, якая адчуваецца ў сям’і – гэта не штосцьці павярхоўнае, яна не нараджаецца дзякуючы рэчам, спрыяльным умовам... Сапраўдная радасць паходзіць ад дасканалай гармоніі паміж асобамі, якую ўсе адчуваюць у сэрцы, і якая дазваляе адчуць прыгажосць быцця разам, узаемнай падтрымцы на жыццёвым шляху. У аснове гэтага пачуцця глыбокай радасці знаходзіцца прысутнасць Бога ў сям’і, Яго адкрытая, міласэрная любоў, паважаючая ўсіх. І перш за ўсё любоў цярплівая (...) Толькі Бог стварае гармонію паміж адметнасцямі”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў: калі не хапае любові Божай, таксама і сям’я губляе гармонію: у ёй пачынаюць дамінаваць індывідуалізм і затухае радасць. “Але сям’я, якая жыве радасцю веры, перадае яе спантанна, з’яўляецца соллю зямлі і святлом свету, зачынам для грамадства”, - сказаў Папа і заклікаў сем’і жыць верай у прастаце, па прыкладзе Святой Сям’і з Назарэту.

Пасля св. Імшы, Папа прамовіў тэкст малітвы ў якой, ад імя усіх прысутных папрасіў Святую Сям’ю навучыць сем’і наследаваць яе цноты, бачыць дзейнасць Божага Провіду ва ўсіх штодзённых справах, а таксама умацаваць свядомасць грамадства ў сакральным і непарушным характары сям’і.

Перад малітвай “Анёл Панскі” Святы Айцец асаблівым чынам прывітаў біскупаў і вернікаў з Экватарыяльнай Гвінеі, якія прыбылі ў Вечны горад з нагоды ратыфікацыі Пагаднення з Апостальскай Сталіцай. Францішак заклікаў памаліцца за народ гэтай краіны, а таксама за ўсе сем’і ў свеце, асабліва тыя, якая жывуць у цяжкіх сітуацыях.








All the contents on this site are copyrighted ©.